« Назад
ЯНА САГРАЕ СПЕКТАКЛЬ
Наталья Гайда ў ролі Батманавай з аперэты "Халопка" на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР
Ірына ў музычнай камедыі "Спявае "Жаваранак", Стэла ў "Вольным ветры", Лала ў "Каўказскай пляменніцы"… Здавалася, што Наталля Гайда створана для роляў сучаснага рэпертуару, але пасля пастаноўкі "Баядэры" і "Халопкі" мы пераканаліся, што, выконваючы ролі жанчын, якіх аддзяляюць ад нас шмат дзесяцігоддзяў і нават стагоддзі, Гайда застаецца такой жа пераканаўчай, шчырай, вернай жыццёвай праўдзе.
Артыстка прыйшла ў мастацтва пасля доўгіх роздумаў і ваганняў. Яна працавала ў геалагічных партыях, вучылася ў юрыдычным інтытуце і, хоць марыла пра сцэну, доўга не рызыкавала паступаць у кансерваторыю. І толькі настойлівыя рэкамендацыі камісіі, якая праслухоўвала самадзейных артыстаў інстытута, падштурхнулі яе да гэтага кроку. І вось Свярдлоўская кансерваторыя скончана. Наталлі Віктараўне пашанцавала: у Мінску адкрыўся тэатр музычнай камедыі, і яе запрасілі сюды салісткай.
На спектаклі тэатра з’явілася ўжо нямала рэцэнзій у газетах і часопісах. Яны былі розныя, гэтыя рэцэнзіі, але ў адным думкі крытыкаў сыходзіліся: кожная роля Гайды ацэньвалася як творчая ўдача. А роля Батманавай у выкананні маладой артысткі яшчэ раз пацвердзіла, што і ў аперэце можна вырашаць значныя, сацыяльна важкія праблемы – уся справа ў таленавітасці і прафесійнасці драматургічнага матэрыялу і выканаўцаў.
Наталля Гайда паказвае Батманаву не толькі як прывабную жанчыну, таленавітую артыстку. Гэта чалавек, чулы да чужога гора, мяккі і сардэчны і ў той жа час здольны на гнеўны пратэст супраць несправядлівасці, самадурства, прыгнёту. Гэтая рыса асабліва ярка раскрываецца ў другім акце, у сцэне з Кутайсавым (артыст Ю. Лазоўскі), дзе артыстка знаходзіць самыя розныя фарбы і адценні для характарыстыкі сваёй гераіні як у драматычных кавалках, так і ў вакале. "Нават у вакале Гайда ўмее знайсці ўнутраны падтэкст, а гэта рэдкая і надзвычай каштоўная якасць для спевака", – гаворыць кампазітар Юрый Семяняка, які добра ведае артыстку па сумеснай рабоце над камедыяй "Спявае "Жаваранак".
А колькі трапяткой пяшчоты, шчырай самаахвярнасці ў сцэнах сустрэч з Андрэем Туманскім (артыст Ю. Летаў). Батманава прыязджае з Францыі і не ведае, што тут, у маёнтку Кутайсава, жыве той чалавек, які выратаваў ёй жыццё ў Парыжы і знік невядома куды. Ад першай хвалюючай сустрэчы да глыбокага сапраўднага кахання Батманава-Гайда на дзіва шчырая, пераканаўчая. І нават даведаўшыся, што яна робіцца прыгоннай, Батманава застаецца вернай свайму каханню. З глыбокім драматызмам праводзіць Гайда сваю ролю, сцвярджаючы права чалавека на шчасце.
Артыстка свабодна валодае голасам, чыстым, гнуткім, прыгожага тэмбру. Усе яе арыі і арыёза гучаць як споведзь сэрца. А ў дуэтах яе шчырасць дапамагае партнёрам адказваць ёй той жа шчырасцю і натуральнасцю.
Наталля Віктараўна аднолькава добра валодае ўсімі кампанентамі, неабходнымі для артысткі аперэты: спявае, говорыць, рухаецца. Матроскую блузу Стэлы яна носіць з такой жа натуральнасцю, як і раскошнае адзенне Батманавай. Нават у сцэнах, дзе выступаюць артысты балета, Гайду не адрозніш ад іх – яна такая ж грацыёзная, лёгкая, пластычная. Яна саграе кожны спектакль. І справа не толькі ў прыродных здольнасцях, але і ў той сур’ёзнасці, патрабавальнасці, з якой яна ставіцца да сябе. Гэтая патрабавальнасць іншы раз дае ёй сілы адмовіцца ад вядучых партый, пра якія іншыя артысткі аперэты мараць усё жыццё. "У жыцці мне важней за ўсё праўда", – гаворыць адна з гераінь Гайды. Гэтыя словы могуць быць з поўным правам аднесены і да самой Наталлі Віктараўны, якая на дзіва арганічна адчувае прыроду музычнай камедыі ў лепшым сэнсе гэтага слова.
Усевалад Меерхольд гаварыў: "У тэатра ёсць адна дзіўная ўласцівасць: таленавітаму акцёру чамусьці заўсёды трапляецца разумны глядач". З першых крокаў свайго сцэнічнага жыцця Наталлі Віктараўне пашанцавала – яна трапіла ў гэтую шчаслівую кагорту. Яна мае свайго ўважлівага, патрабавальнага, удзячнага гледача.
А. КАЗЛОЎ. Літаратура і мастацтва. – 1972. – 28 студз.
|