Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/З маладым запалам, з прафесійнай адказнасцю (1984 г., Тэатральны Мінск)

З маладым запалам, з прафесійнай адказнасцю (1984 г., Тэатральны Мінск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

З маладым запалам, з прафесійнай адказнасцю

Нядаўнія гастролі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР у Ленінградзе пакінулі яркае ўражанне і ў гледачоў, і ў крытыкаў. 20 чэрвеня 1983 года "Ленинградская правда" пісала: "На ўсіх спектаклях адчуваецца атмасфера ўсеагульнай захопленасці справай. Прыемна тое, што ў трупе шмат моладзі са свежымі галасамі і выдатнай тэхнікай..." Гэтыя словы бясспрэчна адносяцца і да маладых акцёраў Зінаіды Вяржбіцкай і Германа Казлова, якія іграюць амаль ва ўсіх спектаклях бягучага рэпертуару: "Мая чароўная лэдзі", "Бабін бунт". "Мая жонка – ілгуння", "О, мілы друг!", "Несцерка", "Д'ябальскі коннік", "Ноч у Венецыі" і інш. (Прасцей назваць спектакль, дзе яны не іграюць.)

Як непадобны Эліза са спектакля "Мая чароўная лэдзі" і Мары ў "Д'ябальскім конніку", Клацільда ("О, мілы друг!") і Чыбалета ("Ноч у Венецыі") у выкананні Вяржбіцкай! Актрыса не замыкаецца ў адным амплуа – субрэткі, гераіні і г. д. Зінаіда гаворыць, што яна з задавальненнем сыграла б нават камічную старую, калі б толькі гэта роля была драматургічна цікавай. Такія адносіны да творчасці дапамагаюць актрысе пазбягаць штампаў. Валодаючы палётным, чыстым, прыемным па тэмбру голасам, добрай танцавальнай тэхнікай, драматычным талентам, З. Вяржбіцкая заўсёды вельмі абаяльная. Нават яе адмоўныя гераіні (накшталт інтрыганкі Мары з "Д'ябальскага конніка") у чымсьці сімпатычныя, як гэта часта бывае ў вясёлым жанры аперэты.

У спектаклі "Мая чароўная лэдзі" Эліза-Вяржбіцкая, не скупячыся на забаўныя дэталі, весяліцца сама і прымушае смяяцца залу, ствараючы запамінальны вобраз жыццярадаснай, смелай, з пачуццём уласнай годнасці дзяўчыны. А якая прывабная яе Чыбалета ў спектаклі "Ноч у Венецыі"! Ярка, тэмпераментна іграе актрыса дасціпную вясёлую служанку. Яе можна параўнаць з чыстай крынічкай, з якой б'е іскрыстая радасць. Яна то непасрэдная, то хітрая, то лірычная, то камічная. Лёгка і свабодна жыве актрыса ў гэтай ролі. "Чыбалета дарагая мне якасцямі свайго характару, – гаворыць актрыса, – добрага, шчырага і шчодрага. Я яшчэ не скончыла працу над роляй. Матэрыял дае магчымасць стварыць вобраз больш яркі і каларытны".

Так, сапраўдны артыст ніколі не бывае задаволены вынікам, ён у пастаянным пошуку. Менавіта творчы пошук прывёў маладых артыстаў З. Вяржбіцкую і Г. Казлова ў 1979 годзе ў Беларускі тэатр музычнай камедыі. Маладыя выканаўцы і малады тэатр – якія магчымасці для прафесійнага росту!

Г. Казлову адразу была даручана роля Шкаляра ў спектаклі "Несцерка", з якой ён выдатна справіўся, нават здзівіўшы сваіх калег. Справа ў тым, што спектакль ішоў на беларускай мове, якой Казлоў не валодаў, а тэрмін падрыхтоўкі спектакля быў вельмі сціслы. Потым было шмат розных роляў. Гэта і Сёмка ў спектаклі "Бабін бунт", і Джымі ("Мая жонка – ілгуння"), і Фальк ("Лятучая мыш"), і Загарэцкі ("Гора ад розуму"). У многіх гарадах пабываў на гастролях тэатр музычнай камедыі, выклікаючы авацыі ў гледачоў. Шмат апладысментаў было адрасавана і Герману Казлову. 

Заслужаны дзеяч мастацтваў РСФСР А. Струнін пісаў у "Гродненской правде": "...Артыст Г. Казлоў у ролі Боні ("Сільва") заслугоўвае высокай ацэнкі. Аўтару гэтых радкоў давялося бачыць у гэтай ролі вялікіх майстроў аперэты, і трэба сказаць, што Казлоў паспяхова прадаўжае лепшыя традыцыі знакамітых акцёраў. Нястрымнай весялосцю і дабрадушнасцю поўныя сцэны з яго ўдзелам. Артыст з запалам раскрывае музычную тэму, ён захоплены невычэрпна вясёлым настроем, асалодай жыцця, і ўсё гэта шчодра перакідваецца ў глядзельную залу, якая адказвае яму ўдзячнымі апладысментамі".

А гэтыя радкі, напісаныя А. Уладзімірскай у "Ленинградской правде", дапаўняюць характарыстыку Боні: "...Боні-Г. Казлоў засяроджаны, унутрана глыбока іранічны, нават з нейкай журботай. Прытым, што акцёр – выдатны танцоўшчык, вобраз ствараецца шматгранны і цікавы".

Абаяльны і прастадушны яго Фелікс з "Д'ябальскага конніка". Пасля першага з'яўлення яго доўгай паўсагнутай фігуры на маленькім веласіпедзіку ўвага гледачоў неадступна прыкавана да яго. Герман умела карыстаецца рознымі вонкавымі кампанентамі, якія характарызуюць яго героя: недарэчным касцюмам, нязграбнай пластыкай, картавым вымаўленнем, што дапамагае вобразу няўдачлівага прастака стаць яркім і смешным.

Любіць акцёр ролю Сен-Патэна ў спектаклі-мюзікле "О, мілы друг!" (паводле рамана Гі дэ Мапасана). Удзячная аснова сур'ёзнага літаратурнага матэрыялу дала магчымасць Г. Казлову ярка праявіць свае драматычныя здольнасці. Яго Сен-Патэн – гэта філосаф, які ўсё ведае, усё чуе, усё бачыць, але жыве, "як сляпы, як глухі, як нямы", таму што так зручна. I зноў жа ўдала знойдзены грым, кашачая паходка, паўсагнутая постаць як мага лепш дапаўняюць вобраз паслужлівага і ў той жа час іранізуючага шаркуна.

Сам акцёр аддае перавагу характарным ролям. На пытанне: "Што б вы хацелі сыграць?" – Герман адказаў мне: "Я хачу хутчэй пастарэць, каб іграць вострахарактарных дзядуль". Сапраўды, характарныя ролі Г. Казлову бясспрэчна ўдаюцца. Сведчаннем гэтаму можа служыць апошняя работа Германа – герцаг Урбіна ў спектаклі "Ноч у Венецыі" I. Штраўса, дзе ён стварыў запамінальны вобраз венецыянскага дон-жуана. "Валодаючы тонкім музычным слыхам, пачуццём рытму, вакальнымі дадзенымі, Г. Казлоў дакладна даносіць куплеты; лёгкі і прыгожы ў падтанцоўках; арганічна і натуральна пераходзіць ад размоў да спеваў і танца. Гэта акцёр, які валодае вялікім, арганічным і мяккім гумарам. Неназойліва і тактоўна паказвае ён смешнае ў чалавеку, нідзе не агрубляючы вобраз і не выкарыстоўваючы націск ці шарж. "З ім лёгка і прыемна працаваць", – гаворыць пра Г. Казлова пастаноўшчык спектакля "Ноч у Венецыі" С. Штэйн.

Прага да работы – адметная рыса акцёраў Вяржбіцкай і Казлова. У многіх спектаклях ролі, што даручаны Герману, не маюць другіх выканаўцаў. А гэта азначае, што акцёр нясе не толькі вялікую фізічную нагрузку, але і маральную адказнасць, з'яўляючыся ў прамым сэнсе гэтага слова незамянімым.

У заключэнне – слова самім акцёрам.

– Мы пачыналі свой шлях у Растоўскім тэатры музычнай камедыі і шмат чым абавязаны яму. Але мінскі тэатр ужо стаў для нас сваім, родным. Нам вельмі імпануюць рэпертуарны і рэжысёрскі пошук, які вядзецца зараз, імкненне мастацкага кіраўніцтва стварыць тэатр з уласным арыгінальным абліччам. У такіх абставінах і ў акцёраў ёсць магчымасць для напружанай працы, творчага пошуку, развіцця сваіх здольнасцей.

А. МІХАЛЬЦОВА.
Тэатральны Мінск. – 1984. – № 2.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: