Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/З наваселлем цябе, беларуская аперэта! (1981 г., Літаратура і мастацтва)

З наваселлем цябе, беларуская аперэта! (1981 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

З НАВАСЕЛЛЕМ ЦЯБЕ, БЕЛАРУСКАЯ АПЕРЭТА!

Дзяржава клапоціцца аб ахове, прымнажэнні і шырокім выкарыстанні духоўных каштоўнасцей для маральнага і эстэтычнага выхавання савецкіх людзей, павышэння іх культурнага ўзроўню. 

Артыкул 27 Канстытуцыі СССР.

Недзе сярод спісаных блакнотаў, старых газет і часопісаў, каляровых буклетаў захаваўся вось гэты стосік старых тэатральных праграмак, пазначаных 1971–73 гг. з надпісам: "Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР", "Фіялка Манмартра" і "Баядэра", "Сільва" і "Халопка", "Марыца" і "Палымяная скрыпка", "Спявае "Жаваранак" і "Паўлінка"... Згадка, напамінак пра захапленне яшчэ школьных гадоў, калі не прапускаўся ніводзін спектакль, калі любімых акцёраў – Наталлю Гайду і Ніну Равінсную, Вячаслава Фаменку і Віктара Шаўкалюка, Нінэль Белавусаву, Уладзіміра Лінкевіча – пазнавала нават без праграмкі і бінокля.

Выходзіш з асветленага тэатральнага будынка ў завейную студзеньскую цемру, у восеньскую слоту з безупынным, дробным, як праз сіта, дожджыкам альбо ціхі летні надвячорак, ідзеш дадому – і гучыць у табе цэлая повязь мелодый – імклівых, пяшчотных, страсных – Штрауса, Кальмана, Легара, Дунаеўскага, Стрэльнікава, Семянякі. Ведаеш, што і заўтра, ужо цалкам занятая будзённымі справамі, згадаеш спектакль – і ўсё навокал здасца крышку святлейшым...

Тэатр муэычнай камедыі мае свайго гледача, гарачага і зацікаўленага. Мае і праціўнікаў, якія аперэту прынцыпова не прымаюць.

– Паслухайце, – кажуць яны, – ці можна вытрываць гэты спектакль да канца? Хіба параўнаеш музычную камедыю з операй, псіхалагічнай драмай, рамантычнай трагедыяй па сіле ўздзеяння на гледача? Дзе напал пачуццяў? Дзе паэтычны падтэкст? Дзе філасофскі сэнс падзей?

– Прабачце, – пярэчаць добразычліўцы, – але навошта выносіць прысуд аперэце, зыходзячы з законаў іншага жанру? У яе ёсць свае!

– Прыгадайце невялічкі твор вядомага польскага пісьменніка Юліяна Тувіма "Некалькі слоў адносна аперэты", – не згаджаюцца скептыкі, – дзе ён кпліва, з'едліва гаворыць пра ўсіх гэтых марыц, баядэр, прынцэс цырка. А меладраматызм і сентыментальнасць аперэты? А гумар, пазбаўлены іншым разам усялякай тонкасці? А так званы "аперэтачны штамп"?..

– Але ж вы забыліся на яе павабныя рысы – жыццярадаснасць, дэмакратызм, захапляльнасць. Аперэта не прэтэндуе на тое, каб ставіць і вырашаць глыбокія, важкія сацыяльныя, філасофскія праблемы. Няхай гэта робяць іншыя жанры. Яна ж выступае ў ролі своеасаблівай "падзарадкі", духоўнага акумулятара. Яна выхоўвае гледача – так, так, выхоўвае! – але робіць гэта мімаходзь, між іншым, незаўважна...

Дыялог можна было б працягваць. У нечым маюць рацыю скептыкі, нельга не пагадзіцца і з паклоннікамі гэтага жанру. Ды ў гэткай спрэчцы заўсёды выйграе само мастацтва аперэты – яскравае, аптымістычнае, даўняе і заўсёды юнае. Бо нязменна сімпатыі гледачоў належаць героям, неаддзельным ад жарту, смеху, нястрымнай весялосці, песні, танца...

З якой нагоды такія доўгія "лірычна-інтэлектуальныя" разважанні? – спытае тут нецярплівы чытач. А мо і не спытае, можа, ужо сам здагадаўся, бо, напэўна, разглядаў з цікавасцю вялікі белы гмах на скрыжаванні вуліц А. Мяснікова і К. Цэткін, бачыў у горадзе вялізныя рэкламныя шчыты на агароджах метро, аб'явы ля тэатральных кас: "15 КАСТРЫЧНІКА Ў НОВЫМ БУДЫНКУ АДКРЫВАЕ СВОЙ XI СЕЗОН ДЗЯРЖАЎНЫ ТЭАТР МУЗЫЧНАЙ КАМЕДЫІ БССР".

Дасведчаны глядач, які сочыць за падзеямі жыцця беларускай аперэты, памятае, што ёй "давалі прытулак" клуб імя Дзяржынскага і Палац прафсаюзаў, Дом афіцэраў і Палац чыгуначнікаў імя Ільіча. З прычыны гэтага можна, вядома, і пажартаваць: маўляў, маюць мінчане ўласны вандроўны тэатр, ёсць у Беларусі свае "блукаючыя зоркі". Ну, хіба не школа, не "загартоўка" для акцёраў – не паспеў пераехаць у новы будынак, у чарговае памяшканне, як адразу "ў бой": пакажы гледачу, на што ты здатны, ці ў "форме". Гумар гумарам, але не сакрэт, што існаванне па прынцыпе "Фігара тут, Фігара там" нейкім чынам адбівалася на самаадчуванні артыстаў, іх настроі, а значыць, на ўзроўні і якасці спектакляў.

Нарэшце беларуская аперэта набыла пастаянную трывалую прапіску – вуліца Нагіна, 10а. I мы вырашылі пабываць у тэатры напярэдадні ўрачыстага адкрыцця сезона, агледзець інтэр'еры новага будынка, пасядзець на рэпетыцыі, пагутарыць з дасведчанымі людзьмі. Пазванілі, дамовіліся аб сустрэчы. А калі ехалі ў бок плошчы Мяснікова, падумалі, што не грэх згадаць што-нішто з гісторыі жыцця навасёла.

"17 студзеня ў сталіцы рэспублікі ў памяшканні клуба імя Дзяржынскага адкрыўся тэатр музычнай камедыі БССР. Да свайго адкрыцця тэатр падрыхтаваў тры спектаклі – гераічную музычную камедыю Ю. Семянякі "Спявае "Жаваранак", якую тэатр паказаў у першы дзень работы, аперэты "Фіялка Манмартра" I. Кальмана і "Вольны вецер" I. Дунаеўскага. 120 творчых работнікаў (салісты, хор, аркестр, балет) працавалі над рэпертуарам першай афішы", – так пісаў у 1971 годзе ў "Тэатральным Мінску" тагачасны кіраўнік калектыву.

17 студзеня 1971 года, 15 кастрычніка 1981-га – гэтыя даты абавязкова будуць пазначаны ў гісторыі тэатра. Дзесяць гадоў працы... Больш за трыццаць спектакляў беларускіх, савецкіх, замежных аўтараў. – "Пацалунак Чаніты" Ю. Мілюціна і "Вяселле ў Малінаўцы" Б. Аляксандрава, "Вясёлая ўдава" і "Цыганскае каханне" Ф. Легара, "Бабскі бунт" Я. Пцічкіна і "Халопка" М. Стрэльнікава, "Увага, здымка!" А. Эшпая і "Каўказская пляменніца" Р. Гаджыева.

Менавіта на гэтай сцэне нарадзіліся і ўбачылі святло рампы першыя беларускія музычныя камедыі Юрыя Семянякі – "Спявае "Жаваранак", "Паўлінка", "Тыдзень вечнага кахання", "Сцяпан – вялікі пан"; "Рэпартаж з пекла" Я. Глебава, "Несцерка" Р. Суруса.

Больш за трыццаць назваў на афішы, сотні спектакляў...

Мусіць, не кожны ведае, што ў Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР былі свае папярэднікі – Бабруйскі вандроўны музычна-драматычны тэатр, які ўзнік у 1956 годзе, і Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі, створаны на аснове Бабруйскага ў 65-ым. А першая вядомая беларуская аперэта, так сказаць, "прапрабабка" сённяшняй – "Залёты" М. Кімант-Яцыны на тэкст В.I. Дуніна-Марцінкевіча – была пастаўлена ў 1915 годзе музычна-драматычным гуртком у Вільні...

Адкрыццё новага сезона ў новым будынку – свята адразу некалькіх муз. А паколькі прэм'ера архітэктурная абумовіла ўсе астатнія, варта пачаць менавіта з яе.

Тэатр музкамедыі ўзведзены па праекце заслужанага архітэктара БССР А. Ткачук і У. Тарноўскага, інжынера У. Кацнельсона будаўнічым трэстам № 7 камбіната "Мінскбуд".

"Зялёная" моладзь наўрад ці памятае, а вось трыццацігадовыя жыхары беларускай сталіцы абавязкова пацвердзяць, што калісьці на месцы сённяшняга тэатра стаяў невялікі клуб тонкасуконнага камбіната, дзе "круцілі" кіно і працавалі гурткі мастацкай самадзейнасці. Калі пачалася распрацоўка праекта, існаванне клуба вызначыла "пасадку", як гавораць архітэктары, і кампазіцыю тэатра аперэты. Клуб стаў глядацкай часткай тэатра, дзе размяшчаюцца зараз вестыбюлі. Да яго "прыбудавалі", умоўна кажучы, глядзельную залу і сцэнічную частку.

...Велічны белы будынак сустракае гледача. На думку А. Ткачук, архітэктурнае рашэнне фасадаў пабудавана на кантрасце суцэльных абліцаваных вапняком сцен і невялікіх устаўных вітражоў. Над галоўным уваходам у тэатр – кампазіцыя "Музы", выкананая мінскім скульптарам Л. Зільберам з чырвонай медзі. Пяць жаночых фігур сімвалізуюць муз паэзіі, тэатра, музыкі, жывапісу, танца – тых, якіх аб'ядноўвае ў сабе мастацтва аперэты. Лёгкія, імклівыя постаці, цікава знойдзеныя аксесуары ўтвараюць кампазіцыю, якая арганічна звязана з будынкам. Да работы скульптара наш штотыднёвік яшчэ вернецца і раскажа пра яе больш падрабязна ў адным з бліжэйшых нумароў, а пакуль што адчынім дзверы і зазірнём у тэатр.

Мінаючы сучасна аформленае фае-бар, спускаемся па прыступках і трапляем у гардэроб. Адсюль глядач, падняўшыся па лесвіцы ў "круглае" фае, пройдзе ў глядзельную залу. Архітэктары і будаўнікі паклапаціліся пра тое, каб з усіх куткоў яе забяспечвалася добрая бачнасць і добрая акустыка. Умяшчальнасць глядзельнай залы – партэра і амфітэатра – 800 месцаў.

Пераважанне светлых колераў у аддзелачных матэрыялах надае памяшканням урачыстасць, стварае прыўзняты настрой. У афармленні тэатра аперэты выкарыстаны аднакаляровы светлы мармур, фарбаваная тынкоўка, гіпсавыя дэкаратыўныя элементы, залацістае шкло і латунь.

Адзначым, што архітэктурна-мастацкае рашэнне інтэр'ераў заснавана на іх паступовым узбагачэнні і ўскладненні. Паглядзіце: у вестыбюлі – гладкія, аднакаляровыя сцены і падлога. У інтэр'еры гардэроба з'яўляецца малінавы колер – мэбля. У круглым фае інтэнсіўны колер атынкоўкі і мэблі падкрэслівае бялюткасць гіпсавага рэльефа на цэнтральнай калоне.

Сцены глядзельнай залы і столь таксама светлыя. I таму па кантрасце з імі асабліва выразнай, інтэнсіўнай па колеры выглядае габеленавая заслона, вытканая на Бабруйскім мастацкім камбінаце па эскізах мастакоў А. Кішчанкі і А. Більцюковай.

З цікавасцю разглядалі мы дэкаратыўныя гіпсавыя рэльефы, якія ўпрыгожваюць калоны круглага фае і партальную сцяну глядзельнай залы. Архітэктары М. Ткачук і скульптар Ю. Якубовіч вырашылі іх у выглядзе асобных кветак і буйных кампазіцый.

Трэба сказаць, што над афармленнем фасадаў тэатра, яго інтэр'ераў працавала вялікая група мастакоў Мінскага мастацка-вытворчага камбіната. Па эскізах мастакоў Б. Дразда, В. Міхайлюка, Ф. Халабец выкананы латунныя дэталі інтэр'ераў – надпісы, дзвярныя ручкі, урны, цокалі калон. Скульптар М. Бяляеў – аўтар дэкаратыўных масак, якія з'яўляюцца часткай фантана ў скверы ля будынка тэатра. Люстры з залацістага шкла выкананы рыжскім камбінатам "Максла" па эскізах мастака Ю. Індрыксона.

Прайшоўшы тым "маршрутам", якім будзе ісці глядач, калі завітае ў тэатр, і агледзеўшы як след усе памяшканні, мы скіравалі да дзвярэй, на якіх напісана: "Пабочным асобам уваход забаронены". Мы пабочнымі не былі, таму адчынілі іх і па калідоры, мінаючы грымёрныя, выйшлі за кулісы. Паміж глядзельнай залай і сцэнай апушчана жалезная гуканепранікальная заслона, бо адначасова ідзе рэпетыцыя аркестра, а на сцэне – мантаж дэкарацый да "Несцеркі" (увечары меўся адбыцца прагон спектакля ў касцюмах). Дарэчы, сцэна новага тэатра вельмі прасторная (24 х 18 м), яе можна параўнаць хіба што са сцэнай нашага опернага. Аднекуль здалёк чуюцца прыглушаныя галасы: здагадваемся, што на ар'ерсцэне, таксама вельмі прасторнай (21 х 18 м), ідзе рэпетыцыя.

..."Вялікасвецкія дамы" ў джынсах і світарках нетаропка абмахваюцца веерамі. Іх гжэчныя кавалеры таксама выглядаюць вельмі сучасна. А ўсе яны, па ролях, – госці на бале. Галоўны рэжысёр тэатра Анатоль Малчанаў, які вядзе рэпетыцыю, раз-пораз спыняе хор, удакладняючы з акцёрамі мізансцэны:

– Вы павінны рэагаваць на з'яўленне гераіні, абменьвацца рэплікамі, абмяркоўваць паміж сабой: як яна выглядае, як апранута, як трымаецца...

Хто ж гэтая "чароўная незнаёмка"? Галоўная гераіня спектакля Разалінда, яна ж маска "Лятучая мыш" (народная артыстка рэспублікі Наталля Гайда).

Канечне, вы ўжо зразумелі: гаворка ідзе пра славутую аперэту Іагана Штрауса, прэм'ерай якой тэатр адкрывае новы сезон. Рэпетыцыя працягваецца, і мы даведваемся, як далей разгортваюцца падзеі. Трапіўшы на маскарад, Генрых Айзенштэйн (В. Бажэнаў) нечакана пазнае ў баранэсе пакаёўку сваёй жонкі – Адэль (Н. Харужэнка). Але раскрыць інкогніта не ўдаецца, і вось ужо гучыць знакамітая арыя Адэлі "Мілы маркіз...". Зачараваны маскай "Лятучая мыш", Генрых прызнаецца ёй у каханні, не падазраючы, што гэта яго ўласная жонка...

Акрамя спектакля "Лятучая мыш", як паведаміў нам галоўны рэжысёр тэатра А. Малчанаў, паклоннікі мастацтва аперэты пабачаць на працягу сезона мюзікл Ф. Лоу "Мая цудоўная лэдзі", аперэту I. Кальмана "Прынцэса цырка", "Рэвю-канцэрт". Сіламі творчай моладзі будзе падрыхтаваны пазапланавы спектакль – вадэвіль Г. Гладкова "Жаніцьба гусара". Сваю сцэнічную інтэрпрэтацыю набудуць спектаклі савецкай і замежнай класікі – "Неўтаймаваны гасконец" К. Караева і "Сіняя Барада" Ж. Афенбаха.

...Ужо развітваючыся з гасціннымі гаспадарамі дома на вуліцы Нагіна, мы заўважылі побач з раскладам рэпетыцый аб'яву: "Да адкрыцця сезона засталося 7 дзён". Чаго ж пажадаць тэатру-навасёлу? Вядома, творчай неўтаймоўнасці, новых таленавітых спектакляў, адмысловых акцёрскіх работ, глядацкіх усмешак, нястрымнага смеху і воплескаў. I няхай гэтыя радкі будуць сціплым падарункам табе, музкамедыя, кветкай у вянок віншавальных слоў.

З наваселлем цябе, беларуская аперэта!

Т. МУШЫНСКАЯ, 
спец. кар. "Літаратуры і мастацтва".
Літаратура і мастацтва. – 1981. – 9 кастр. – С. 1, 4.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: