Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Збянтэжана змаўкае Мельпамена…" (1999 г., Літаратура і мастацтва)

"Збянтэжана змаўкае Мельпамена…" (1999 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"ЗБЯНТЭЖАНА ЗМАЎКАЕ МЕЛЬПАМЕНА…"

Чатыры гадзіны праляцелі, як галавакружнае імгненне; да поўначы заставалася зусім няшмат, і публіка нібыта была згодная сустрэць новы дзень або ў тэатральнай зале, або на платформе яшчэ не заснулага метро. Як тут не ўспомніць крылатую фразу славутага тэнара I. Казлоўскага наконт Наталлі Гайды: "Вы – шампанскае!" Шампанскае... Лёгкае, хмельнае, чарадзейнае стварэнне, якое прымушае забыцца на рэальны час і пачуваць сябе шчаслівым у атмасферы ігры, гульні, фантазіі, бесклапотнасці, безразважнасці.

Сапраўднае шампанскае – гэта і вельмі сур'ёзна. Нядаўні бенефіс Н. Гайды, здаецца, кожнаму гледачу дапамог зразумець, што за іскрыстай усмешкай, сцэнічнай і жыццёвай абаяльнасцю "царыцы мрояў і кахання", першай лэдзі аперэты прыхаваныя "дзве трэція айсберга" таленавітай натуры. Мудрасць, мужнасць, трывушчасць, самадысцыпліна; т. зв. унутраная праца, пра якую ўсе ведаюць, але здатныя да якой – не многія.

Невыпадкова першай часткай юбілейнай імпрэзы стаўся арыгінальны спектакль у гонар Вечнай Актрысы, свет якой спрадвек ладкуецца па сваіх законах: няма ў ім ні граху, ні пакут, ні кахання, ні смерці. Яна, Вечная Актрыса, жыве ў ім няўлоўная і пераменлівая, і ніхто не ведае, з якіх яшчэ часоў. Мінаюць стагоддзі, мінаюць пакаленні паклоннікаў. У яе застаецца толькі "шчасце актрысаю быць". Ды глыбока прыхаваны трагедыйны дар...

Аматары дакладных лічбаў разгубіліся, пільнуючы, колькі разоў на працягу гэтага спектакля Н. Гайда мяняла строі: пэўна, дзесяць! Бо свет Вечнай Актрысы воляю аўтара сцэнарыя і рэжысёра С. Цырук насялялі вобразы драматычных твораў К. Чапэка, Д. Прыстлі, Э. Радзінскага, героі аперэт і музычных камедый I. Кальмана, П. Абрахамса, У. Кандрусевіча, У. Дамарацкага ды інш., ды інш. Дасціпны дыялог, спевы, танец, вострахарактарная пластыка і высакародныя манеры – ва ўсім выклікала яна захапленне залы. Бракавала хіба толькі жывога гучання аркестра, які ў той вечар адпачываў. Але было жывое чуйнае суправаджэнне фартэпіяна (А. Сідараў), жывы пульс ударных інструментаў (I. Аўдзееў) – цудоўнае дапаўненне да фанаграм-"мінусовак".

Было мора жывых кветак. I – сэрцы шчырых сяброў, блізкіх, добрых гасцей, простых прыхільнікаў... Якая цудоўная "сямёрка смелых" працавала з Н. Гайдай у спектаклі! Рознахарактарныя, непаўторныя вобразы паклоннікаў Вечнай Актрысы, у якіх можна было пазнаць і некаторых персанажаў аперэт, мюзіклаў, увасобілі салісты Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі ды нашай Нацыянальнай оперы. Усе паказалі сябе годнымі партнёрамі Прымадонны: В. Шабуня, У. Пятроў, Г. Казлоў, А. Краснадубскі, А. Ранцанц, В. Мінгалёў, У. Мароз! Поруч працавала і група артыстаў балета тэатра музкамедыі (балетмайстар А. Дзмітрыева-Лаўрыновіч).

Ушаноўванне юбіляркі доўжылася добрыя дзве гадзіны. Шыкоўныя кветкі і віншаванне ад Прэзідэнта краіны, якое прачытаў прэм'ер-міністр С. Лінг. Узнагароджванне Ганаровай граматай Савета Міністраў, Ганаровым знакам Міністэрства культуры. Дасціпныя і каштоўныя дарункі, добрыя словы, музычныя і вершаваныя сюрпрызы ад гарадскіх уладаў, ад творчых саюзаў, устаноў культуры, ад калег. Ад Федэрацыі прафсаюзаў. Ад пасольства Расіі ў нашай краіне. Ад студэнтаў Акадэміі мастацтваў, дзе выкладае Н. Гайда. Ад спонсараў – СП "Отико", "Белпрамбудбанка", ААТ "Мастра". Ад цыркавых артыстаў – "на чале" з дрэсіраваным мядзведзем Гошам... Кіраваць шматлюднай цырымоніяй віншавання давялося галоўнаму рэжысёру тэатра Б. Лагодзе.

Адзін з вершаваных экспромтаў, падараваных гераіні вечара, пачынаўся радком: "Збянтэжана змаўкае Мельпамена..." Гэты дасціпны камплімент не мае ў сабе ні кроплі перабольшвання, калі саліруе муза Наталлі Гайды. З яе імем слушна звязваюць станаўленне айчыннага тэатра музычнай камедыі. Сама ж яна дзякуе лёсу за тое, што прывёў яе ў Беларусь, якая стала для нашай народнай артысткі другой радзімай.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1999. – 14 мая.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: