Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Жывая вада дзяцінства (1992 г., Настаўніцкая газета)

Жывая вада дзяцінства (1992 г., Настаўніцкая газета)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЖЫВАЯ ВАДА ДЗЯЦІНСТВА

У наш змрочны час, калі парушаны ўсе ідэалы, а новыя не створаны, дзеці, падлеткі, юнацтва аказаліся больш безабароннымі, чым мы, дарослыя. Грамадскасць занята больш важнымі, на яе погляд, праблемамі эканомікі, палітыкі. Тое, аб чым доўга марылі бальшавікі, нарэшце здзейснілася: самая дарагая цукерка – дзецям, самая дарагая кніжка – дзецям, самая дарагая сукенка – дзецям. Дзяржава, якая забывае пра дзяцей, навуку, культуру, адукацыю, на доўгі час адкідвае сябе назад.

Але і цяпер ёсць людзі, якія не забываюць пра дзяцей, робяць сваю справу натхнёна, не шкадуючы сіл і пачуццяў.

Такія думкі ўзніклі пасля прагляду спектакля "Дзіцячы альбом" у тэатры "Казка", створаным пры тэатры музычнай камедыі, у якім супрацоўнічаюць прафесіяналы і аматары – дзеці. Лічу, што гэты сімбіоз – адна з найлепшых падзей часу. Менавіта тут здзесйснена пастаноўка оперы на музыку П.I. Чайкоўскага "Дзіцячы альбом". Упершыню гэты спектакль быў пастаўлены ў Санкт-Пецярбургу рэжысёрам Аляксандрам Пятровым. Ён даўно марыў рэалізаваць цудоўную музыку П.I. Чайкоўскага ў сцэнічным дзеянні. Нехта падказаў яму звярнуць увагу на аўтабіяграфічныя творы Л.М. Талстога "Дзяцінства", Н.Г. Гарына-Міхайлоўскага "Дзяцінства Цёмы" і У. Набокава "Другія берагі". Перачытванне, напісанне сцэнарыя, і праз некаторы час задума ажыла ў дзіцячым тэатры "Зазеркалье". Спектакль спадабаўся не толькі пецярбуржцам, а і кіраўніку дзіцячага тэатра "Казка" Глебу Аляксандраву. Менавіта па яго настойлівай просьбе пастаноўка была перанесена Аляксандрам Пятровым на беларускую зямлю. 20 красавіка 1992 года адбылася прэм'ера. На ёй быць не прьшлося, але тое, што ўбачыла і не на прэм'еры, аглушыла, уразіла, здзівіла, абудзіла душу, памяць. Мілая Мнемазіна, багіня памяці, як патрэбна ты нам усім. Як важна, каб акунула ты ўсіх дарослых у іх дзяцінства, каб не давала зачарствець, заржавець нашым душам, каб пільней углядаючыся ў нас саміх, мы імкнуліся, хацелі разумець нашых дзяцей. I яшчэ, каб часцей задумваліся, хто мы такія, дзе нашы карані, адкуль мы родам. Менавіта гэтыя думкі з'яўляюцца і лейтматывам спектакля.

Адразу заўважу, гэтая опера для сямейнага прагляду. Яе аніяк нельга глядзець класам, культпаходам. Таму што прысвечана яна сям'і, сямейнасці, для кожнага з гледачоў адкрываецца па-рознаму, у залежнасці ад вопыту: жыццёвага і эмацыянальнага.

Ужо пажылы пісьменнік (акцёр Анатоль Касцецкі) вяртаецца ў дом свайго дзяцінства. Дом апусцелы, запушчаны, але ў ім кожная рэч, кожная пясчынка напамінаюць аб мінулым, аб радасцях і горы, аб першым каханні і расчараванні, аб незабыўных, цёплых, пяшчотных руках маці, аб навекі дадзеным ёю маральным уроку, які пранёс праз усё жыццё, нават тады, калі мамы не стала, не было каго баяцца, што асудзіць, не зразумее. Дарослы (А. Касцецкі) і хлопчык (С. Раманоўская) – адно "я", спачатку не могуць знайсці паразуменне, гады стаяць паміж імі, але потым гэтае дарослае і дзіцячае "я" зусім знікаюць, застаецца проста "я" – чалавечае, якое ўмее радавацца, гараваць, любіць, дараваць, адчуваць кожным нервам.

Спектакль пачынаецца малітвай, дзіцячай малітвай: каб заўтра алавяныя салдацікі не разбілі вазу, каб у школе ладзілася – звычайныя дзіцячыя жаданні. Нездарма ж у спектаклі не аднойчы гучаць словы: "Калі вера твая моцная, глыбокая, дык словы знойдуцца". Пісьменнік праз дзеянні хлопчыка ўспамінае ўсё, што адбывалася з ім у дзяцінстве: якое паразуменне існавала паміж ім і маці (актрыса В. Пятліцкая вядзе сваю ролю надзвычай мякка, узвышана, неяк урачыста і запамінальна), якая сваёй пяшчотай, любоўю заклала моцны фундамент чалавечнасці. Вось разбілася ваза, і хлопчык кажа, гэта, відаць, няня. Прасцей простага абвінаваціць іншага. Ды што мама? Яна падносіць хлопчыку крыж і пытаецца: "Чаму Бог даў сябе распяць?" Сама ж і адказвае: "Таму, што ён не баяўся праўды. Праўда даражэй за ўсё на свеце". Калі ты станеш вялікім, ты не будзеш баяцца праўды". I хлопчык зразумеў маці. Слёзы, ачышчальныя слёзы. Каенне. 

Відаць, кожнага хвалюе праблема жыцця і смерці. Ёсць яна і ў спектаклі. Пісьменнік гаворыць: "Жыццё – гэта слабае святло паміж дзвюма вечнасцямі". Але для дзіцяці гэтыя паняцці надзвычай складаныя, абстрактныя. Дзіця само па саба не дапускае гора, тым болей смерці. Радасць – гэта норма дзіцячага жыцця. Толькі ў дзяцінстве адчуваеш сябе па-сапраўднаму шчаслівым, вечным. Заўсёды будуць бабуля, дзядуля, тата, мама. Хлопчык у спектаклі кажа: "Мама не можа памерці, яна мне абяцала купіць сачок". Вось так па-дзіцячаму проста вырашаецца гэтая праблема.

Першае каханне і развітанне. Жыццё здаецца кончаным, але яно прадаўжаецца. Колькі вечных пытанняў падымае спектакль: каб людзі бачылі, адчувалі адзін другога, каб бацькі ўмелі і хацелі гаварыць з дзецьмі пра ўсё на свеце; аб адказнасці дарослага за лёс маленькага; каб дарослыя часцей заглядвалі ў сваё дзяцінства, у свой стары дом, ачышчаліся ў ім, у гэтым храме духу, знаходзілі тое, што рабіла заўсёды чалавека чалавекам; каб не разрываліся ніці сям'і, сямейнасці, чым так былі моцныя славянскія народы.

Спектакль дапамагае дзіцяці зразумець дарослага. Яно (дзіця) усвядоміць, што тата таксама быў малы, хлусіў, любіў, перажываў, а я – дзіця, таксама прайду праз усё гэта, але па-іншаму, бо кожны павінен знайсці свой шлях. Галоўнае – "неабходна добра запомніць сваё дзяцінства, таму што ўсё, што будзе далей, – не так ужо важна".

Фінал спектакля, апошняя малітва прымушаюць задумацца: "Божа, куды ўсё гэта згубілася?" – гучыць у маналозе пісьменніка. Менавіта ён, у цудоўным увасабленні Анатоля Касцецкага, задае тон усяму спектаклю. З першага акта і да апошняга Касцецкі трымае ў напружанасці залу. I хаця ў ёй шмат дзяцей – стаіць цішыня. Шчырасць, усхваляванасць, якая ідзе ад душы, глыбокае пранікненне ў свет дзіцяці, уменне яго вачыма паглядзець на рэчаіснасць, перадаць гэтае бачанне – усё гэта ўласціва Анатолю Касцецкаму. Адпавядае яму і хлопчык, ролю якога выконвае Святлана Раманоўская. Непасрэднасць, незвычайнае пераўвасабленне дарослага ў дзіця захапляе. У выніку ж адбываецца яднанне, спляценне гэтых суасоб у адзінае цэлае.

Акцёры не проста выконваюць ролі, яны жывуць жыццём сваіх герояў, яны далёка там, дзе існуе духоўнасць, дзе кожны адчувае сябе чалавекам. Я бачыла іх вочы пасля спектакля – гэта былі вочы людзей, якія перажылі яшчэ адно жыццё. Дзякуй ім.

Спектакль філасофскі, але разам з тым і вясёлы. Тут і гульні, і калядкі (у іх гучаць матывы беларускага фальклору), і нават цырк. Усё гэта здорава.

Спектакль шматслойны. Адны гледачы акунуцца ў сваё дзяцінства, другія – убачаць, якія яны сёння, трэція – павесяляцца разам з пераапранутымі акцёрамі цырка, чацвёртыя – сканцэнтруюць увагу на цудоўнай музыцы, а ўсе разам атрымаюць вялікую асалоду ад сустрэчы з сапраўдным мастацтвам.

В. ВАРАПАЕВА,
дацэнт Мінскага інстытута культуры, кандыдат педагагічных навук.
Настаўніцкая газета. – 1992. – 9 снеж.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: