Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Знаёмцеся: Кальманіяна (1972 г., Літаратура і мастацтва)

Знаёмцеся: Кальманіяна (1972 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Cпектакль "Палымяная скрыпка" ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР 

Сціплы і надзвычай самакрытычны да сваёй творчасці венгерскі кампазітар Імрэ Кальман гаварыў: "Я ведаю, што палова старонкі партытуры Ліста пераважае ўсе мае аперэты, якія я ўжо напісаў і напішу потым". Час паставіў кропкі над "і"... З тых дваццаці аперэт, што пакінуў у спадчыну Імрэ Кальман, большасць увайшла ў рэпертуар сусветнага музычнага тэатра, захапляе выканаўцаў і слухачоў і па сённяшні дзень. 

У Кальмана няма такога твора – "Палымяная скрыпка". Гэта – назва спектакля-канцэрта, які паказвае Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР, і яна правамерная. Кампазітар з дзіцячых гадоў паланіўся нацыянальным фальклорам, славутым венгерскім стылем "Вербункош" з яго стыхіяй танцавальнасці, супастаўленнем задуменных, часам сумных, павольных мелодый і хвацкіх, імкліва-агнявых. А з якім майстэрствам, як віртуозна і пранікнёна выконваліся такія мелодыі – чардашы і палаташы – народнымі аркестрамі. У якіх сапраўды палымяныя скрыпкі былі асновай ансамбля! Смела можна сцвярджаць, што гэтая стыхія венгерскай народнай музыкі пераасэнсавана ў бліскучыя кальманаўскія партытуры. У іх скрыпкі плачуць і смяюцца, па-чалавечаму гавораць пра смутак і радасць людзей, пра пачуцці самога кампазітара. Так, Імрэ Кальман кожнай аперэце аддаваў хваляванне сэрца, і ўсе разам – яны быццам своеасаблівы музычны адбітак біяграфіі іх творцы. Да таго ж кампазітар апяваў чысціню і хараство народных характараў, супрацьпастаўляў іх разбэшчаным магнатам "з салонаў". 

Такія меркаванні, відаць, выклікалі ініцыятыву аўтараў "Палымянай скрыпкі" (сцэнарый З. Чарнышовай, пастаноўка і харэаграфія Л. Травініна) паказаць праз фрагменты з любімых аперэт Кальмана старонкі ягонага жыцця. 

Скажам адразу: работа гэта – вельмі цікавая і складаная – шмат у чым не можа быць выканана з сапраўднай мастацкай глыбінёй і пранікнёнасцю. Справа ў тым, што нават самая выдатная музычная ілюстрацыя падзей жыцця не з'яўляецца мастацкім яго раскрыццём. 

У спектаклі праходзіць галерэя вобразаў не толькі з кальманаўскіх аперэт, але і рэальных сучаснікаў кампазітара (праўда, жонкай І. Кальмана была не рамантычная прыгажуня Юлішка, як у спектаклі, а звычайная харыстка венгерскага тэатра); ва ўсіх сцэнах мы сустракаемся з ім самім у розных жыццёвых сітуацыях – фашысцкі захоп Аўстрыі і вымушаная эміграцыя Кальмана, яго трагічнае існаванне ў ЗША і сутыкненне з галівудскімі дзялкамі ад мастацтва і г. д. У музычна-драматургічным творы, якім павінен быць спектакль "Палымяная скрыпка", усе гэтыя падзеі і абмалёўку вобразаў герояў неабходна перш за ўсё раскрываць сродкамі музыкі, бо, паўторым, аперэта – гэта не тэатральная п'еса, аздобленая музыкай. Але ж І. Кальман не пісаў музычнай аўтабіяграфіі, значыцца неабходных "біяграфічных" лейттэм, што маглі б дапамагчы ўзнавіць старонкі асабістага жыцця кампазітара, у аўтараў спектакля не было. Таму і тэатральны расказ пра выдатнага музыканта стаў у "Палымянай скрыпцы" проста размоўны, пазбаўлены музыкі і спеваў, неяк знешне, фармальна звязаны з яркімі фрагментамі з розных аперэт І. Кальмана. Неабходныя сцэнічнаму твору скразная музычная драматургія і стылявое адзінства аказаліся часткова страчанымі. Таму, як выратунак, узнікла вызначэнне жанру: спектакль-канцэрт. 

Першае, што шчыра радуе ў новай пастаноўцы тэатра, гэта значнае павышэнне агульнага музычнага ўзроўню выканання (дырыжор П. Кірыльчанка). Палепшылася чысціня інтаніравання і дыкцыйная яснасць у спевакоў, яны не фарсіруюць гучанне голасу. Больш гнуткім, ураўнаважаным па строі стаў аркестр, а танцавальныя нумары больш завершаныя па форме. Калектыў тэатра адмовіўся ад ігры "на публіку", ад таннага камікавання, натуралізму ў раскрыцці пачуццяў... 

Пастаноўшчык спектакля досыць тактоўна здолеў аб'яднаць у адзінае відовішча асобныя сцэны з розных аперэт, якія на нашай сцэне былі пастаўлены раней іншымі рэжысёрамі. Лагічныя "швы" тут нідзе не адчуваюцца. Менш пашанцавала фіналу прэм'еры: венгерскі танец з "Сільвы", песня аб Будапешце, што ўзята з "Марыцы" (частка арыі Тасіла), і агульная сцэна заканчэння спектакля не хочуць "сумяшчацца". 

Можна папракнуць і мастака А. Марозава. Спектакль не набыў акрэсленага выяўленчага рашэння, яно амаль падменена фотапраекцыямі на тэатральную заслону-ар'ергард возера Балатон, будынкаў розных тэатраў, дзе ставіліся аперэты Кальмана, сімвалічных азначэнняў... У мастацкім афармленні задавальняе больш прыём "наплываў" скрыпкі і светлавой заслоны на ўверцюру, а таксама небаскробаў і неонавых агнёў (сцэна ў Галівудзе ў другой дзеі). 

Увогуле, "Палымяная скрыпка" – гэта раскіданыя старонкі Кальманіяны. "Фіялка Манмартра" і "Сільва", "Марыца" і "Баядэра", "Цыган-прэм'ер" і "Галандачка", "Д'ябальскі коннік" і "Прынцэса цырка", "Герцагіня Чыкага" – амаль палова ўсёй аперэтачнай спадчыны Імрэ Кальмана пададзена ў гэтым спектаклі арыямі і сцэнамі, вакальнымі ансамблямі і харэаграфічнымі эпізодамі. Ёсць тут і драматычныя жыццёвыя калізіі, лірычныя ўспаміны, буфанадныя і сатырычныя замалёўкі. 

Добрае ўражанне пакідае Н. Гайда ў партыі-ролі Юлішкі Кальман. Вобраз, створаны артысткай, кранае чысцінёй пачуцця, нейкай рэальнай пэўнасцю і зграбнасцю. Ва ўсіх эпізодах – у арыі Віялеты ("Фіялка Манмартра"), у дуэце з "Сільвы", у сцэне Леанціны ("Д'ябальскі коннік"), у гутарковых эпізодах на венскім вакзале і ў Галівудзе – артыстка вабіць прыгажосцю голасу, цудоўнай вакальнай тэхнікай, высакароднай чалавечнасцю паводзін яе гераіні. 

Выканаўца ролі Імрэ Кальмана К. Лосеў вымушаны раскрываць вобраз праз разважанні: ён па-за музычнай драматургіяй. Артыст удала выконвае сцэну з кінапрадзюсерам, але сапраўднай мастацкай вышыні дасягае ў выкананні арыі Палі-Рача ("Дні, калі адыходзіць лета" з аперэты "Цыган-прэм'ер"), у якой настрой роспачы і згубленых надзей героя адпавядае душэўнаму стану кампазітара, яго лірычнай споведзі. Тут выканаўца вельмі музычны, выдатна валодае голасам. 

Сярод астатніх, найбольш цікавых удзельнікаў спектакля-канцэрта зазначым паспяховае выкананне Н. Белавусавай вялікай сцэны Марыцы, Тасіла, Зупана і Эстэргазі з аднайменнай аперэты "Марыца" і славуты нумар Хейя з "Сільвы": зачароўвае яе жаночае какецтва, сцэнічная прывабнасць і прыемнае спяванне, мастацкі такт. З бляскам выконваецца С. Муратавай і Ю. Лазоўскім "шымі" Марыеты і Філіпа з "Баядэры", Я. Ажарэльевай і В. Шаўлюком {Шаўкалюком} сцэна гаспадыні рэстарана і метрдатэля з "Прынцэсы цырка". Добра гучыць у В. Бурцава арыя містэра Ікса з той жа аперэты; прывабныя Л. Зубцова і Я. Яўна ў сцэне з "Галандачкі"... 

У заключэнне скажам, што "Палымяная скрыпка", хоць і не вызначаецца глыбінёй зместу, усё ж яркае відовішча, якое сведчыць аб наяўнасці ў калектыве тэатра добрых мастацкіх патэнцыяльных магчымасцей. Значэнне гэтага спектакля яшчэ і ў тым, што ў кастрычніку адзначаецца 90-годдзе з дня нараджэння выдатнага майстра аперэтачнага мастацтва Імрэ Кальмана. Тэатр адгукнуўся на гэтую дату своечасова. 

І. НІСНЕВІЧ. 
Літаратура і мастацтва. – 1972. – 6 кастр.


Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: