Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Знаёмы герой – новае аблічча (1980 г., Літаратура і мастацтва)

Знаёмы герой – новае аблічча (1980 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЗНАЁМЫ ГЕРОЙ – НОВАЕ АБЛІЧЧА

"Несцерка" Р. Суруса ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР 

Адметныя назвы ў рэпертуары мастацкіх калектываў заўсёды выклікаюць павышаную цікавасць грамадскасці. 

На наш погляд, Т. Пракапенка мае рацыю, у асноўным станоўча ацэньваючы новую работу тэатра, але заслугоўваюць увагі і многія сур'ёзныя заўвагі Г. Сакалова-Кубая, выказаныя часам з палемічнай завостранасцю. 

Амаль сорак гадоў назд на віцебскай сцэне з'явіўся новы тэатральны герой – гаварун і весялун, абаронца слабых і зняважаных, не раз "біты" за гэта – Несцерка. Мяняліся пастаноўкі, мяняліся выканаўцы. Пасля перайшоў Несцерка і на кінаэкран... І вось – яшчэ адно яго аблічча. Яркая нацыянальная жанравая аснова вядомай п'есы В. Вольскага, каларытныя характары, масавыя народныя сцэны прыцягнулі ўвагу кампазітара Р. Суруса, які напісаў спачатку музыку для спектакля Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, а затым – музычную камедыю "Несцерка" (лібрэта А. Вольскага і В. Вольскага). 

Вырашаны музычны спектакль у стылі батлейкі. Атрымалася своеасаблівае скамарошнае прадстаўленне "тэатра ў тэатры". Скамарохі (атрысты В. Фаменка, В. Сердзюкоў, Г. Валчок, Ю. Лазоўскі) адкрываюць "дзею", з гумарам прадстаўляюць гледачу персанажаў "жывой" батлейкі, вядуць і накіроўваюць расказ пра іх, выконваючы пры гэтым функцыю каментатара, а часам выкрывальніка – словам, з'яўляюцца пасрэднікамі паміж відовішчам і публікай. Дапамагае ім у гэтым Несцерка (К. Лосеў) – народны герой, нястомны шукальнік праўды і справядлівасці, гнаны панамі і шчыра любімы сваімі простымі землякамі. 

Захапляюча і дынамічна разгортваецца дзеянне, у ходзе якога гледачы знаёмяцца з галерэяй вобразаў. Гэта Насця і яе каханы Юрась, вяселле якіх дапамагае наладзіць Несцерка, бацькі дзяўчыны: упартая і сварлівая "пані Мальвіна" і Мацей – "муж без права голасу", неразумны і саманадзейны Шкаляр (прэтэндэнт на руку Насці), заўсёды п'янаваты пан Бараноўскі і яго "шляхцюкі" і іншыя. 

Матэрыял п'есы дазволіў кампазітару выкарыстаць інтанацыйны лад беларускай народнай песні, формы народнага музыцыравання. Аўтар музыкі і цытуе сапраўдны фальклорны матэрыял (у сцэне вянчання і харавых фіналах 1-га і 2-га актаў) і пераасэнсоўвае яго. Народна-песенныя і танцавальныя інтанацыі, у адпаведнай гармананічнай афарбоўцы і аркестроўцы, нярэдка гучаць па-эстраднаму, што, аднак, не парушае агульнай стылістыкі музычнага кантэксту. 

Музычныя характарыстыкі герояў разнастайныя. Амаль усе персанажы або надзелены лейттэмай (як Несцерка, пан Бараноўскі, Шкаляр, скамарохі), або характарызуюцца пэўнай інтанацыйнай сферай. Так, у лірычным плане трактаваны вобразы Насці і Юрася, у іх партыях пераважае распеўнасць і песеннасць. Танцавальнасць – у аснове характарыстык Несцеркі і скамарохаў, Мальвіны. Для абмалёўкі адмоўных персанажаў кампазітар звяртаецца часцей за ўсё да жартоўнай парадыйнай песні з танцавальнымі элементамі (вобразы Шкаляра, пана Бараноўскага і яго акружэння). 

Дарэчы, адзін з адметных момантаў камедыі – лялечнае прадстаўленне скамарохаў у 1-ым акце, шарж на падзеі, што адбываюцца на сцэне, яшчэ адзін "тэатр у тэатры" (гэта ж можна адзначыць і ў сцэне дыспута Несцеркі і Шкаляра). Тут аўтары спектакля выкарыстоўваюць адзін з самых простых тыпаў батлейкі. У ёй лялькі ў танцы пацвярджалі сваімі рухамі тое, аб чым гаварылася ў песні. Спевы і музыка звычайна перапыняліся дыялогамі. Героі лялечнага спектакля, уведзенага ў камедыю "Несцерка", – справядлівы Казак-небарак, Франт-элегант, Антон і Антоніха, Ульяна – тыповыя персанажы батлейкі. Парадыйнасць, сатырычная накіраванасць гэтага эпізоду падкрэсліваюцца як сродкамі музыкі (імітацыя спявання скамарохаў пад народны аркестр), так і харэаграфіі, якая адлюстроўвае танец "жывых" лялек (пастаноўка С. Дрэчына). 

Нельга не сказаць хоць бы некалькі слоў аб шматлікіх народных сцэнах, дзе народ – то актыўны удзельнік дзеяння, то глядач, які сочыць разам з залай за развіццём падзей (у сцэнах лялечнага прадстаўлення і дыспута) і каменціруе іх. Жанр народнай музычнай камедыі абумовіў і своеасаблівае вырашэнне фіналу спектакля як разгорнутай танцавальна-харавой кампазіцыі на фальклорным матэрыяле. Яе драматычная кульмінацыя – сцэна вясельнага абрада, дзе плач Насці крыху не стасуецца з агульным "лёгкім" і вясёлым тонам папярэдніх сцэн. 

Як вядома, музычная камедыя – жанр сінтэтычны. Можна лічыць, што ў "Несцерку" знойдзена тая раўнавага ўсіх кампанентаў, якая забяспечвае спетаклю яго мастацкую цэласнасць. Музычныя вобразы, яркая, дэталёвая распрацоўка сцэнічнага малюнка (рэжысура Б. Уторава) надалі персанажам каларытнасць, запамінальныя рысы. Наогул, у пастаноўцы шэраг дасціпных, па-тэатральнаму эфектных ігравых эпізодаў. Іх у многім "падтрымлівае" мова камедыі – жывая, сакавітая, поўная народнага гумару. 

Удала знойдзеная адзіная сцэнічная канструкцыя са зменлівымі дэталямі падаецца арганічнай у агульнай батлеечнай атмасферы прадстаўлення. Работа мастака (Б. Герлаван) дапамагае выявіць жанр твора, ненадакучліва падкрэсліць камічнасць асобных сітуацый і вобразаў. 

Радасныя ўражанні ў гледачоў ад выканаўчага майстэрства Н. Гайды (Насця), Н. Равінскай (пані Мальвіна якой з'явілася "іскрынкай" камедыі), К. Лосева (Несцерка), Г. Казлова (Шкаляр). Вакальна-выканаўчае ўвасабленне "Несцеркі" ў цэлым на добрым прафесiйным узроўні, хаця аркестраваму суправаджэнню, на жаль, нестае зладжанасці, збалансаванасці гучання, не апраўдана дынаміка (музычны кіраўнік і дырыжор І. Абраміс, хормайстар Н. Андросава). Гэта, відаць, тыя недахопы, якія можна выправіць. Агульнае прыемнае ўражанне ад прэм'еры, работа над якой па-сапраўднаму захапіла ўсіх яе ўдзельнікаў, застаецца ў гледача. Прэм'еры, якая, несумненна, заслугоўвае ўвагі, бо надзвычай рэдка звяртаюць беларускія кампазітары сваю ўвагу на жанр музычнай камедыі. 

Сацыяльна-сатырычная накіраванасць, даходлівасць, арганічнае спалучэнне лірычнага, драматычнага і камічнага – усе гэта дазваляе гаварыць, што "Несцерка" Р. Суруса працягвае лепшыя традыцыі асваення маладога ў беларускай музыцы жанру.

Т. ПРАКАПЕНКА.

Кожную новую музычна-драматычную работу мы не можам не суадносіць з агульным станам музычнага і тэатральнага мастацтва рэспублікі. Творчая дзейнасць "Песняроў", "Харошак", лепшыя пастаноўкі тэатра оперы і балета выходзяць за нацыянальныя рамкі. Хіба гэта не абавязвае нас па высокіх крытэрыях меркаваць і аб работах Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, адзінага ў рэспубліцы калектыву такога профілю, калектыву, першасная і ганаровая задача якога – стварэнне арыгінальнага рэпертуару? "Несцерка", "Паўлінка" павінны доўга жыць, трывала ўвайсці ў афішу, стаць спектаклямі, якія хацелася б наведваць, як выступленні "Песняроў", "Харошак". Словам, патрабуецца калі не шэдэўр, то ва ўсякім разе твор высокай мастацкай якасці. 

...Яшчэ не пачалася дзея: мы знаёмімся з праграмкаю, прыгадваем, хто ж такі Несцерка. "Персанаж беларускіх народных казак – знаходлівы бядняк, які дзякуючы сваёй кемлівасці і дасціпнасці спрытна выходзіць са складанай сітуацыі, заўсёды перамагае святых і паноў", – так тлумачыць БелСЭ. Несцерка, як бачым, традыцыйны фальклорны персанаж, а не плод фантазіі драматурга, як гэта можна зразумець з праграмкі. "Жыў Несцерка, было ў яго дзетак шэсцерка..." – так пачынаюцца казкі з яго ўдзелам: трапная і прынцыповая дэталь для характарыстыкі персанажа. Характарыстыка яго ў праграмцы – "балагур и весельчак, ...сродни Ходже Насреддину и Тилю Уленшпигелю" выклікае недавер. Чытаем далей, і аказваецца, што пры такім "сваяцтве" Несцерка "воплотил в себе наиболее отличительные черты белорусского национального характера"(?). Акрамя недакладных і трафарэтных каментарыяў, у праграмцы ёсць іншыя хібы: прапушчаны дзейныя асобы і выканаўцы служак пана. Самахвальскі прадстаўлены чамусьці як "Школяр, семинарист". Дробязі? Але ж праграмка адлюстроўвае ў пэўнай ступені культуру тэатра, адносіны да канкрэтнага спектакля. 

Тым не менш, у тэатры над "Несцеркам" доўга і напружана працавалі – гэта заўважаеш у святочнасці, узрушанасці на сцэне. Акцёрская ўдача – выкананне Н. Равінскай ролі Мальвіны. Ды вельмі многа ў спектаклі залежыць ад таго, які Несцерка. (Нам давялося пабачыць Несцерку – Лосева і Самахвальскага – Казлова). 

З першых рэплік Несцеркі заўважаеш, што яго мова "перасолена" слоўцамі, прымаўкамі, якія не ўпрыгожваюць героя. З'яўляецца семінарыст: элегантны, абаяльны, з эталоннай усмешкай, Самахвальскі выглядае непараўнальна прывабней за пакамечанага цельпукаватага Несцерку. Нетактоўнасць семінарыста ў час флірту з Мальвінаю параўнальна з хібамі Несцеркі настолькі дробязная, што не ўсімі ў зале заўважаецца. Не "прыніжае" вобраз Самахвальскага і рэжысёрская "знаходка" – з'яўленне семінарыста з партфелем, у якім дзінькаюць пустыя бутэлькі. Такая дэталь, мабыць, дарэчная на студэнцкім "капусніку", успрымаецца не больш, чым выпадковы жарт. Чакаеш сцэну дыспуту, але і яна не прыносіць жаданага задавальнення, расчароўвае, бо яшчэ раз падкрэслівае рэжысёрска-акцёрскую неканцэптуальнасць цэнтральных персанажаў – Несцеркі і Самахвальскага. Тут праявілася, бадай, павярхоўна-спрошчанае разуменне народна-нацыянальнага пачатку ў вобразе Несцеркі: маўляў, чым болей грубых неабчэсаных прымавак, слоўцаў, нетактоўнасцей у паводзінах – тым больш народнага. 

Селянін Несцерка павінен быць вышэй за сваіх адукаваных шляхетных праціўнікаў духоўна. Ён перамагае досціпам, тонка прадуманым планам. Адухоўленасць героя магла быць рэалізавана ў мове, якая была б багатая метафарамі, вострымі характарыстыкамі. Усё ён павінен рабіць спрытна, але без мітусні. У кожнай рэпліцы, у кожным учынку глядач павінен бачыць і адчуваць спрактыкаванага, навучанага жыццём, разумнага селяніна Несцерку, "у якога дзетак шэсцерка", а не недарэку, грубіяна, як выглядае персанаж у спектаклі. Такое ўражанне ад героя не згладжвае і мажорны фінал другой дзеі, параўнальна больш драматургічна і па-рэжысёрску сабранай. 

Зрабіць з Несцеркі валацугу "дапамагае" і яго касцюм (мастак Б. Герлаван). Галоўны герой апрануты ў брудна-шэрыя нагавіцы і доўгую кашулю. Мастак таксама імкнецца надаць яму больш "народнасці". Несцерка на працягу ўсяго спетакля лётае па сцэне без паса, прыйшоў у такім выглядзе нават на вяселле. Аўтары такім чынам не свядома, але адмоўна характарызуюць свайго героя (без паса лічылася непрыстойным выходзіць нават з хаты). Касцюмы сялян, гандляроў, удзельнікаў народных сцэн у большасці (за выключэннем хіба што Мальвіны і некаторых іншых персанажаў) такія ж бедныя і нецікавыя, быццам скапіраваныя далёка не з лепшых этнаграфічных узораў. А гэта ідзе ў разлад з жанравым характарам твора. І ўжо зусім дзіўныя касцюмы пана, яго служак і шляхцюкоў. Служкі пана апрануты, як ніжагародскія шынкары канца XIX стагоддзя. Адзенне пана і шляхцюкоў "запазычана" з рэквізіту класічнай венгерскай аперэты. Акрамя грубых этна-гістарычных памылак, у касцюме бачыш дрэнна згарманізаваны колер. 

Павярхоўнае веданне мастаком гісторыка-этнаграфічнага матэрыялу выявілася і ў дэкарацыях. Яны бедныя па вобразна-пластычным рашэнні. Не выкарыстаны эфекты святла. Няма прыкмет, па якіх можна вызначыць, калі ж адбываецца дзеянне. 

Упрыгожаннем відовішча маглі б стаць танцы, але яны падаліся невыразнымі, бо міжволі параўноўваеш з тым, што існуе ў "Харошках". Ды і ад музыкі чакалася іншага: больш шырокага выкарыстання традыцый вясковых аркестраў, мабыць, група аркестрантаў, якія музіцыравалі б проста на сцэне, станавіліся ўдзельнікамі дзеяння, унесла б у відовішча пэўную "жывінку". 

Адчуваецца адсутнасць у аўтараў акрэсленай канцэпцыі спектакля, галоўных герояў. На жаль, назваць "Несцерку" дапрацаваным творам нельга. Напэўна, трэба разумець гэта як першую рэдакцыю, як варыянт, як заяўку на стварэнне паўнацэннага спектакля. 

За дзесяць гадоў дзейнасці тэатра не надта пабагацеў яго арыгінальны рэпертуар. І мэтанакіраваных пошукаў яго мастацкага кіраўніцтва, адміністрацыі ў гэтым напрамку пакуль не адчувалася. Нельга сказаць, што пачынаць давялося "з нуля". Бо, памеркаваўшы, можна было б "скарэкціраваць" для сцэны тэатра музкамедыі такія творы, як, напрыклад, "Калючая ружа" Ю. Семянякі, "Твая вясна" Я. Глебава, "Падстаўная нявеста" І. Вагнера. Думаецца, творчая садружнасць з І. Лучанком, У. Мулявіным, В. Івановым таксам была б карысная для тэатра. 

Які ён сёння "тэатральны партфель"? Якой яна будзе, заўтрашняя афіша тэатра?

Г. САКАЛОЎ-КУБАЙ. 
Літаратура і мастацтва. – 1980. – 15 лют. – С. 10.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: