Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пасляслоўе да аднаго фельетона (1989 г., Тэатральны Мінск)

Пасляслоўе да аднаго фельетона (1989 г., Тэатральны Мінск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПАСЛЯСЛОЎЕ ДА АДНАГО ФЕЛЬЕТОНА

14 кастрычніка газета "Літаратура і мастацтва" надрукавала фельетон Н. Госцевай "I ўсё накшталт гэткага" пра спектакль "Клоп" у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР. Н. Госцева "закляйміла" "Клапа" і раздушыла яго вастрыём свайго пяра. Маладога крытыка гэты спектакль вельмі не задаволіў.

"Клоп", – піша Н. Госцева, – спектакль тэатра музычнай камедыі БССР, або, як абвяшчае праграмны аркуш, "тэатральная варыяцыя на адну тэму фольк-опера ў 2-х актах па матывах твораў У. Маякоўскага".

"Вызначана мудрагеліста і наўрад ці вытлумачальна", – заключае аўтар.

Мала таго, што Н. Госцева сказіла цытату з "праграмнага аркуша", зрабіўшы з яе бяссэнсавы набор слоў, дык яна яшчэ прыпісала "мудрагельства" аўтарам спектакля. А між тым не хто іншы, як сам У. Маякоўскі, яшчэ ў 1929 годзе напісаў: "Клоп" – гэта тэатральная варыяцыя асноўнай тэмы, на якую я пісаў вершы і паэмы, маляваў плакаты і агіткі. Гэта тэма змагання з мешчанінам". Такім чынам выраз "тэатральная варыяцыя на адну тэму" зусім не належыць ні кампазітару з лібрэтыстам, ні нават рэжысёру В. Цюпе, супраць якога скіраваны сатырычны пафас Н. Госцевай. А што да "фольк-оперы", дык аўтарам музыкі і тэксту дазваляецца пакінуць за сабой права выбіраць жанр уласнага твора.

Дарэчы, пра жанр, які "стваральнікі спектакля ў даволі туманных паняццях вызначалі, але так і не вызначылі". Крытык стаіць за яго яснасць і незапэцканую чысціню. Калі ўжо сказаў герой А. Касцецкага: "Даешь оперу по мотивам Маяковского!", дык даць яе трэба абавязкова. Як кажуць, "вынь, да положь".

Я не буду цяпер абмяркоўваць вартасці і недахопы музычнай партытуры "Клапа", тым больш што і Н. Госцеву гэта мала цікавіць. Яна крытыкуе ўласна спектакль, і ёй глыбока агідныя ўсе "вынаходніцтвы" яго рэжысёра. А ці не прыйшло ў галаву крытыку, што В. Цюпа спрабуе аднавіць у "Клапе" даўно забытыя традыцыі "Сіняй блузы", пра якую адзін разумны чалавек напісаў: "Што гэта было? Жывая газета? Эстрада? Тэатр?.. У чыстым выглядзе ні тое, ні другое, ні трэцяе. Хутчэй за ўсё гэта быў выключна новы, спецыфічны, блізкі да эстрады жанр, які спалучыў у сабе элементы тэатра, жывой газеты, паліт-плаката, мюзік-хола, акрабатыкі, танца". Амаль усе гэтыя элементы ёсць у спектаклі "Клоп". Нездарма кажуць, што новае – гэта добра забытае старое. Дык што ж так засмучае Н. Госцеву?

На пачатку артыкула крытык яхідна пытае: "А чаму б Зоі Бярозкінай не застрэліцца ў канцы вяселля Прысыпкіна і Эльзевіры, дарэчы, заадно ўжо і ў канцы спектакля (як гэта ў В. Цюпы), а не да таго (як гэта ў У. Маякоўскага)? Калі гэтак зручней, чаму б і не?"

Ну, па-першае, не ў В. Цюпы, а ў Ю. Кіма. А па-другое, "гэтак" і на самай справе зручней. Вось што піша наконт жанру мюзікла, да якога блізкая фольк-опера "Клоп", музыказнаўца Т. Кудзінава: "Разыходжанні з арыгіналам – п'есай і раманам – тут непазбежныя. Саюз з музыкай значыць умяшальніцтва музычных нумароў у мэтанакіраванае развіццё п'есы. Ён мае на ўвазе крыху іншую трактоўку тэмы і вобразаў; у характарах узбуйняюцца рысы, падуладныя стыхіі музыкі, на першы план вылучаюцца сітуацыі, зручныя для музычнай інтэрпрэтацыі". Заўважце, менавіта зручныя. А і праўда, чаму б, напрыклад, Элізе Дулітл не пайсці да д'ябла ад гэтага самадура Хігінса, як гэта ў Шоу ў "Пігмаліёне"? Дык жа не! У мюзікле Ф. Лоў "Мая цудоўная лэдзі" яна чамусьці назад да яго вяртаецца, дурніца. А што сказаў бы У. Шэкспір, даведаўшыся, у што ператварылася "Рамэо і Джульета" ў "Вестсайдскай гісторыі" Л. Бернстайна?! Але аўтарам названых мюзіклаў захацелася напісаць іх менавіта гэтак, як яны напісалі, а не інакш. У іх, відаць, былі на тое свае меркаванні. Сваімі меркаваннямі кіраваліся і У. Дашкевіч з Ю. Кімам, адыходзячы ад Маякоўскага і трактуючы вобразы ягонай п'есы па-свойму. Яны мелі на гэта поўнае права.

Надзвычай падрабязна (робячы пры гэтым значныя недакладнасці) Н. Госцева апісвае ўсё тое, што яна заўважыла ў час спектакля: "На авансцэне ўстанавілі тры мікрафоны, а ў многіх эпізодах мікрафоны пабачыш яшчэ і ў руках выканаўцаў"; "у час чырвонага вяселля... са столі... спусцілася вялізная ружовая свіння... А мікрафон прытуліўся ў яе пад хвастом"; "а вось трамвай, дзе, трымаючыся за ўяўныя парэнчы, едуць панкі, рокеры, беспрытульнік-металіст, а з імі і Ваня Прысыпкін" і г. д. і да т. п. "I ўсё гэта – на батуце, ледзь не забыла вам паведаміць", – спахапляецца Н. Госцева. Каштоўныя назіранні!

Дзякуй аўтару за падрабязную справаздачу. Ды толькі каму яна патрэбная? Аднак паступова робіцца зразумелым, што ж гэтак раздражняе Н. Госцеву. Таму дазволю сабе яшчэ адну вялікую цытату: "Прадавец селядцоў, у спектаклі вельмі прыкметная фігура, – гэта... ліфчык, бязлітасна размаляваны твар, ператвораны ў мярзотную заганную маску. Гэтая постаць перамяшчаецца па сцэне склізуча-паўзучым рухам, пяшчотна, знізу ўверх, пагладжваючы тонкую доўгую рыбіну, якая целяпаецца каля сцягна". Ліфчык і сцягно, – вось дзе корань зла! Н. Госцеву засмуціла празмерная эратычнасць рухаў В. Крупскага, які выконвае ролю Прадаўца селядцоў.

Ці ўзяць Сакратара, "які з'явіўся на чырвонае вяселле ў аксамітным, чырвоным з жоўтым калеце і ў да непрыстойнага тонкім балетным трыко". Як жа абразіў Н. Госцеву А. Кузьмянкоў, які іграе Сакратара, сваім з'яўленнем на сцэне ў балетным трыко! Якая бессаромнасць! I хто яму толькі дазволіў?! Хадзіў сабе хадзіў у штанах і нават у капелюшы, і раптам з'явіўся ў "непрыстойным" адзенні, нахабнік такі! Ну проста слоў няма ніякіх, каб выказаць абурэнне. Усё гэта глыбока страсянула Н. Госцеву. Відаць, галоўным крытэрыем мастацтва наогул і тэатральнага мастацтва ў прыватнасці для Н. Госцевай служаць словы ўсё таго ж Сакратара-Кузьмянкова "Сделайте нам красиво и чтоб без всякого упадничества!"

У "іранічнай, у духу фельетона, рэцэнзіі" (так пракаменціраваў жанр артыкула аддзел музыкі "ЛіМа") няма нават і намёка на аргументацыю свайго пункта гледжання. Спектакль Н. Госцевай не падабаецца – і годзе! Яна лічыць ніжэй за ўласны гонар хоць як-небудзь ацаніць работу дырыжора аркестра пад яго кіраўніцтвам, хору, нарэшце акцёраў. Усе гэтыя "дробязі" яе не хвалююць. Я ўжо мела магчымасць выказаць у друку свае меркаванні з нагоды спектакля "Клоп" ("Звязда", 9 мая 1988 г.). Не буду паўтарацца, але карыстаючыся выпадкам, дазволю дапоўніць сябе і "выразиться еще раз", як гаворыць адзін з герояў "Клапа".

Мяне асабіста ў гэтым спектаклі абсалютна не шакіруе тое, што "раўніцелі высокага" называюць непрыстойнасцю. Гэта ханжаскае, мяшчанскае бачанне. "Клоп" пастаўлены на сцэне тэатра музычнай камедыі, які самой сваёй прыродай закліканы займаць, смяшыць, іранізаваць. Спектакль прасякнуты іскрыстым гумарам, хітраватай іроніяй, ён увесь расквечаны яркімі, пярэстымі фарбамі, адзначаны – не пабаюся гэтага слова – бліскучымі акцёрскімі ўдачамі.

Мяне аднак вельмі хвалюе тое, што тэатр аказаўся тэхнічна не падрыхтаваным да пастаноўкі "Клапа". Пастаянна, са спектакля ў спектакль, то ламаецца батут, то адключаюцца мікрафоны. Пажарнікі забараняюць ужываць лазерную ўстаноўку. Спектакль паступова старэе, хоць з дня прэм'еры прайшло крыху больш за паўгода.

Зразумела, і маё меркаванне не прэтэндуе на тое, каб быць ісцінай у апошняй інстанцыі. Але яно існуе – таксама, як і погляд Н. Госцевай. Газета "ЛіМ", аднак, не палічыла магчымым і патрэбным поўнасцю надрукаваць мой матэрыял, прапанаваны рэдакцыі як адказ на артыкул "I ўсё накшталт гэткага". 16 снежня 1988 г. газета змясціла толькі ягоную частку і забяспечыла публікацыю каментарыем аддзела музыкі, у якім меркаванне Н. Госцевай у асноўным абаранялася і падтрымлівалася. Выходзіць, што пазіцыя Н. Госцевай – гэта пазіцыя газеты "ЛіМ", а іншыя погляды на яе старонках выказаць фактычна немагчыма.

З 1 па 11 снежня ў Маскве прайшоў Усесаюзны фестываль "Тэатр-88". Менавіта "Клоп" быў адабраны для ўдзелу ў гэтым прадстаўнічым аглядзе як лепшы спектакль тэатральнага сезона 1987/88 гг. у нашай рэспубліцы. Маскоўскія крытыкі, прэса ацанілі яго вельмі высока, не кажучы ўжо пра гледачоў. "Клоп" уключаны ў афішу Міжнароднага фестывалю тэатраў музычнай камедыі, які мае адбыцца ў Адэсе.

Дык можа хоць гэтыя факты прымусяць рэдакцыю "ЛіМа" звярнуць добразычлівую ўвагу на цікавы эксперымент і не штурхаць тэатр на звыклы шлях штампаваных спектакляў накшталт "Вясёлай удавы" ці "Фраскіты"? Ці аддзел музыкі будзе па-ранейшаму абараняць гонар мундзіра?

Вольга БРЫЛОН.
Тэатральны Мінск. – 1989. – № 4.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: