« Назад
А, "КЛОП!.."
Памяці тэатра музычнай камедыі БССР)
Трагіфарс у дзвюх дзеях з пралогам i эпілогам
"Чаму бухгалтар у культуры і мастацтве мае вырашальны голас, а стваральнік культуры i мастацтва не мае яго нават у ix бухгалтэрыі?"
У. Маякоўскі.
"З чаго павінна складацца творчасць міністра? З таго, каб ствараць нармальныя ўмовы для творчай інтэлігенцыі. I калі б вы мяне спыталі, што я буду лічыць галоўным для сябе... я адказаў бы: рабіць усё, каб утрымаць людзей..."
З інтэрв'ю міністра культуры БССР Я.К. Вайтовіча.
ПРАЛОГ
Мінск, як вядома, – сталіца Беларускай рэспублікі. Горад-герой, які мае баявыя, працоўныя i... Пералічэнне неабходна было б скончыць словам "культурныя". I тады мы атрымалі б той "джэнтльменскі" набор традыцый, якім з пачуццём глыбокага задавальнення павінен ганарыцца наш горад. З баявымі i працоўнымі традыцыямі ў Мінску, дзякаваць Богу, усё добра. А вось з культурнымі... Не склалася, як кажуць, хоць ёсць тут i музеі з бібліятэкамі, i тэатры з кінатэатрамі, i пapкi культуры з адпачынкам. Ёсць нават цэлае Міністэрства культуры, якое i павінна быць рассаднікам гэтай самай культуры. Але ці то глеба неўрадлівая, ці то расады бракуе, а толькі культуры ў Мінску няшмат. Часам узнікае ўражанне, што горад наш – глухая правінцыя з убогімі норавамі i мяшчанскай пciхалогіяй. Правінцыя не любіць таленавітых выскачак, якія там робяцца ізгоямі. Іх заціраюць, падаўляюць i, нарэшце, выпіхваюць вон – абы нішто не парушала спакойнага марнення...
Гэтая гісторыя адбылася ў Мінску, але па сутнасці сваёй яна глыбока правінцыяльная. Таму гэтыя нататкі маглі законна пачынацца словамі: "У невялічкім правінцыяльным горадзе М...". Гаворка далей пойдзе пра тэатр музычнай камедыі БССР, які, пакутліва аганізуючы на вачах у горада, загінуў, нарэшце, смерцю адважных у выніку міжусобных сварак. I горад можа ганарыцца тым, што ён усяляк гэтаму спрыяў.
Гісторыя ўнутрытэатральнага канфлікту невычэрпная, як ханты-мансійскі эпас, сумная, як аповесць аб Рамэо i Джульеце, i гэтак жа добра вядомая ў тэатральных колах, як выказванне класіка пра тое, з чаго пачынаецца тэатр. Таму распавядаць пра гэта ўслед за "Советской культурой", якая пісала пра канфлікт двойчы, i мясцовым ТБ, якое прысвяціла канфлікту нямала экраннага часу, – занятак няўдзячны. Тым больш цяпер, калі развязка засталася ззаду i тэатр пакінулі вядучыя акцёры. Ды я ўсё ж зраблю гэта, нягледзячы на тое, што цягнік адышоў i пасля бойкі, як вядома, кулакамі не размахваюць. Не маю аніякага жадання размахваць сваімі кулакамі (як гэта рабілі далёка не ў пераносным сэнсе некаторыя гepoi прыпавесці). Я проста хачу зразумець, хто канкрэтна вінаваты, i спадзяюся, што гэтая гісторыя больш ніколі не паўторыцца ні ў адным з тэатраў горада М.
Дзея 1-ая.
УМОВЫ ГУЛЬНІ
У правінцыйным горадзе М. ціха i сціпла жыў сабе тэатр аперэты. У ім працавала нямала таленавітых акцёраў, што само па сабе ўжо рэдкасць. Тэатру вельмі пашчасціла, што з дня яго адкрыцця ў ім працавала Наталля Гайда – зорка першай велічыні ў савецкім мастацтве аперэты, чый талент сам па сабе ўздымаў магчымасці мінскага тэатра на значную вышыню. Ды гэты тэатр быў хранічна бездаглядным з прычыны зменлівасці творчага i адміністрацыйнага кіраўніцтва. Тэатру востра не ставала творчага лідэра, рэжысёра, які б узначаліў яго i прымусіў гаварыць не толькі пра асобных акцёраў, але i пра сам Тэатр, у якім яны працавалі, якім жылі.
I вось аднойчы на пасаду галоўнага рэжысёра быў запрошаны малады чалавек Вячаслаў Цюпа. Было яму на той час крыху менш трыццаці гадоў, i з гэтай нагоды ў тэатры жартавалі: "Чакалі Бацьку, а далі Сына". Тады ў тэатры яшчэ ўмелі проста жартаваць. "Сын", аднак, рашуча ўзяў стырно ўлады ў свае pyкі i паставіў адзін па адным тры безумоўна неардынарныя, вельмі розныя па задумах i творчых задачах спектаклі – "Cipaно", "Гуляем у прынца i жабрака" i "Сільву". Кожная з прэм'ер нібыта знаёміла з новым тэатрам, высвечвала ягоныя ўнікальныя i не запатрабаваныя раней магчымасці. Пра мінскую аперэту з павагай загаварыла рэспубліканская прэса. Апярэджваючы падзеі, зазначу, што адносіны крытыкаў да тэатра былі складаныя ў тым сэнсе, што, як пазней высветлілася, хваліць спектаклі Цюпы было нагодай для абвінавачанняў у прадузятасці, суб'ектывізме i тэндэнцыйнасці. Таму ніжэй я даю водгукі на спектаклі В. Цюпы крытыкаў, якія ніколі не жылі ў горадзе М. i не былі знаёмыя з рэжысёрам.
"Cipaнo" ў мінчан – смелы прарыў у новае. В. Цюпа прапануе рэжысуру актыўную, выразную, адточаную. Перад намi тэатр, захоплены фантазіяй, багаццем вобразных асацыяцый, нечаканасцю вырашэнняў. Гэта відовішча незвычайнае i кранальнае, i акцёры тэатра... іграюць захоплена i радасна. Р. Харык у ролі Ciрано, Н. Гайда ў ролі Раксаны прымушаюць згадаць лепшыя старонкі сцэнічнай гicторыі гэтай няпростай для акцёрскага ўвасаблення п'есы. Гэта прэм'ера, якая адкрывае жанру – гарызонты, а гледачам – новае рэжысёрскае імя..." (В. Кузняцоў, "Неделя", № 13, 1986 г.)
"Спектаклі "Cipaно" i "Гуляем у прынца i жабрака" паказалі тэатр як неардынарны, жывы, нацэлены на пошукі калектыў. У спектаклях Цюпы няма другарадных роляў. Выканаўцы здольныя быць у яго добрымі драматычнымі акцёрамі i клоўнамі, спевакамі i акрабатамі. Артысты балета, танцуючы, спяваюць, хор, спяваючы, танцуе, аркестранты таксама выконваюць задачы акцёраў. I робяць гэта лёгка, натуральна, захоплена... Не кожны калектыў можа дазволіць сабе спробу пастаноўкі феерычнага атракцыёна, дзе аб'ядналіся клаунада i драма, канферанс i опера-буфа, эксцэнтрыка i лірыка. У гэткім кактэйлі з розных жанраў ёсць свая эстэтыка, паслядоўна раскрываецца ідэя, якая не пакідае гледачоў абыякавымі. Гэты спектакль – буянне тэатральнасці ў лепшым сэнсе слова". (Л. Багінская, "Культура i жіття", 29 чэрвеня 1986 г.)
А цяпер раю быць уважлівымі, таму што наступная цытата міжволі дапаможа наблізіцца да прадмета гаворкі. Тут згадваецца спектакль "Сірано": "Падумалася, што першы акт падаўся б больш стройным, калі б аркестр пад кіраўніцтвам А. Лапунова не заглушаў салістаў, нягледзячы на тое, што тыя ўжывалі мікрафоны. З'ява, на жаль, нярэдкая, калі дырыжор у клопаце выключна пра гучанне аркестра мала зважае на ўвесь спектакль, не ўлічвае магчымасці салістаў. З'ява нярэдкая, але тым не менш прыкрая". (Л. Кляўцова, "Рабочая газета", 29 чэрвеня 1986 г.)
Гэтая цытата паходзіць з артыкула пад назвай "Умовы гульні". Ды кіеўскі крытык не ведаў, што тpaпіў у "яблычак". Таму што ў той час у тэатры ўжо распачалася вайна паміж А. Лапуновым i В. Цюпам, i таму аркестр гучаў так зусім не выпадкова. Гэта былі "умовы гульні" А. Лапунова, згодна з якімі ён выказваў выразнае стаўленне да спектакляў В. Цюпы, нават не баючыся пры гэтым нашкодзіць уласнай прафесійнай рэпутацыі. А яна складалася з дырыжорскага майстэрства, сапраўднага ўмення мысліць катэгорыямі сцэны, весці за сабой спектакль. Гэта ніколі не выклікала сумненняў. Ды яшчэ больш дзіўна тое, што згаданыя тры спектакля яны з В. Цюпам стваралі разам, i менавіта ён, А. Лапуноў, на той час галоўны дырыжор тэатра, запрасіў гэтага рэжысёра на работу ў горад М. Ды з цягам часу на паверхню выплыла, не толькі поўная псіхалагічная несумяшчальнасць, але i поўная супрацьлегласць поглядаў на тэатр. Два таленавітыя чалавекі не знайшлі агульнай мовы. Так паўстаў канфлікт, які імгненна axaпіў трупу тэатра i раскалоў яе на два лагеры. Натуральна, што ў аснове канфлікту ляжалі не толькі асобасныя, але яшчэ i творчыя разыходжанні. Прыхільнікі В. Цюпы ўбачылі ў ім рэжысёра, здольнага вывесці тэатр на новы ўзровень асэнсавання жанру. Ягоныя спектаклі, у якіх яны працавалі радасна i з поўнай творчай аддачай, гэта цалкам пацвердзілі.
З боку ж А. Лапунова i той часткі акцёраў, якія не ўспрымалі i не разумелі навацый В. Цюпы, назіралася актыўнае праціўленне ўсяму таму, што paбіў рэжысёр. Парадаксальнасць сітуацыі заключалася ў тым, што А. Лапуноў быў музычным кіраўніком ycix пастановак В. Цюпы. Але ён катэгарычна не прымаў рэжысёрскix канцэпцый i – упарта браўся за чарговую сумесную пастаноўку. Непрыманне засноўвалася яшчэ на асэнсаванні страты адзінаўладства i аўтарытэту ў значнай часткі трупы. Але дырыжор не жадаў пакідаць cвaix пазіцый. Барацьба супраць В. Цюпы i ягоных прыхільнікаў была, па сутнасці, трывіяльным змаганнем за ўладу. І ў гэтым А. Лапуноў пры падтрымцы пэўнай часткі акцёраў быў бязлітасны.
Пакуль у спектаклях В. Цюпы "гулялі" ў "Прынца і жабрака", "Сірано", і "Сільву", у тэатры назіраліся зусім іншыя гульні: закулісныя інтрыгі, брудныя плёткі, абразы. У такой атмасферы было не да творчасці. Стварылася невыносная атмасфера, існаваць у якой стала проста немагчыма. Але ні кіраўніцтва тэатра ў асобе былога дырэктара Л. Годава, ні Міністэрства культуры на чале з былым міністрам Ю. Міхневічам не рабілі нічога, каб хоць неяк пагасіць канфлікт.
Між тым у тэатры ішла сапраўдная вайна, страсці разгарэліся не на жарт. І тады, нарэшце, вышэйстаячыя інстанцыі, якія вырашалі лёс этатра, нехаця звярнулі на яго сваю ўвагу. Загадчык аддзела культуры ЦК КПБ І.І. Антановіч ушанаваў сваёй прысутнасцю партыйны сход тэатра, які меў месца 16 лютага 1987 года. Вось вытрымка з пратакола, урыўкі з якога будуць пазней змешчаны ў "Советской культуре" ў артыкуле В. Кічына.
І.І. Антановіч: "Не трэба прыцягваць сусветны друк. Тэатр павінен мець уласных журналістаў, якія асвятлялі б яго дзейнасць. Райкам прыме рашэнне, каб не пакрыўдзіць ніводную творчую асобу".
Ці не тых журналістаў меў на ўвазе І.І. Антановіч, якія з лёгкай падачы яму падобных кіраўнікоў культуры некалі згуртавана зацкавалі адметны спектакль "Гора ад розуму" Р. Вікцюка, пасля чаго ён імгненна быў зняты з рэпертуару? Ды я пакіну без каментарыя глыбакадумны пасаж I.I. Антановіча. Да слоў доктара філасофскіх навук дадам тое, што не ўвайшло ў пратакол.
– Калі не прыйдзеце да згоды, – сказаў тав. Антановіч I.I., звяртаючыся да В. Цюпы i А. Лапунова, – дык мы вам скажам: "Гэць з Украіны!".
Гэтак вырашалі ў нас творчыя пытанні важныя асобы. "Гэць з Украіны" – i канфлікт вычарпаны. Цяпер, заняўшы крэслы члена Палітбюро i сакратара ЦК КП РСФСР, тав. Антановіч I.I., трэба думаць, здольны вырашаць балючыя пытанні на больш высокім узроўні.
Між тым адзін з райкамаў горада М. i сапраўды прыняў "гістарычнае рашэнне". Яно заключалася ў тым, што літаральна праз дзень пасля лёсавырашальнага партсхода В. Цюпу прапанавалі пасаду галоўнага рэжысёра ДАВТа БССР: Mінкульт БССР сумесна з аддзелам культуры ЦК КПБ спрабавалі зрабіць міратворны акт. Згодна логіцы В. Цюпа не мог i не павінен быў у ім удзельнічаць: вельмі шмат звязвала яго з тэатрам аперэты. Напэўна, ён вагаўся, аднак прыняў рашэнне пайсці з тэатра. Яно было, безумоўна, вымушанае, хоць многія разглядалі гэты ўчынак як здраду, ды разам з тым не адвярнуліся ад рэжысёра. За яго яшчэ будуць змагацца тыя, хто разумелі нярадасныя перспектывы тэатра, які яны пачыналі будаваць разам. Вельмі ўжо значная была спакуса рэжысёрскіх навацый, вельмі ўжо прыцягальная была асоба самога В. Цюпы.
Кодай да гэтых падзей зрабіўся згаданы ўжо артыкул В. Кічына "Жорсткі урок, альбо Як забівалі казку". Ён быў напісаны пастфактум, i аўтар, зразумела, не мог разлічваць на тое, што пасля яго выступлення В. Цюпа здолее вярнуцца ў тэатр аперэты. Ды В. Кічын празорліва прадбачыў, што з адыходам В. Цюпы канфлікт у тэатры не будзе вычарпаны. Таму ён выказаў надзею, што кіраўніцтва тэатра, Міністэрства культуры ўлічаць тое, што адбылося, i не дапусцяць развалу тэатра. Артыкул заканчваўся словамі: "Хто ў нас адказвае за тое, каб не паміралі надзеі?". Дата публікацыі – 9 ліпеня 1987 года. Гэта пачатак непадзеленага кахання "Советской культуры" да Міністэрства культуры БССР, ад якога орган ЦК КПСС чакаў адказаў на пастаўленыя пытанні. Ды замест гэтага атрымаў ліст ад трупы творчых работнікаў тэатра, які можна было б назваць "Весткі з фронту".
Дзея 2-ая.
ЧЫМ ГОРШ, ТЫМ ЛЕПШ
"Артыкул В. Кічына быў з вялікім энтузіязмам сустрэты тэатральнай грамадскасцю Мінска, аднак застаўся незаўважаным кіраўніцтвам Міністэрства культуры рэспублікі, адміністрацыяй тэатра, не зрабіўся нагодай для сур'ёзнай размовы на сходзе трупы. Замест гэтага адказныя работнікі культуры рэспублікі правялі закрытую нараду з галоўнымі спецыялістамі тэатра.
Адміністрацыя робіць выгляд, што з адыходам в. а. галоўнага рэжысёра В. Цюпы канфлікт у тэатры ліквідаваны i нармалізацыя творчага жыцця калектыву – толькі пытанне часу. Ці не ў чаканні гэтых "лепшых часоў" галоўны дырыжор самаўстраніўся ад выканання службовых абавязкаў, пycціў творчае жыццё калектыву на самацёк? Уведзеныя В. Цюпам "творчыя гадзіны" даўно ліквідаваны, непрафесійна, нестабільна працуе рэжысёрскае ўпраўленне, катастрафічна падае ўзровень бягучага рэпертуару, за станам якога ніхто не сочыць. У нездавальняючым стане знаходзіцца музычная частка амаль усяго рэпертуару, занядбана прафесійная работа з аркестрам...
У выніку сітуацыі, якая склалася, ідзе з тэатра наша вядучая салістка, гонар i слава тэатра народная артыстка БССР Н. Гайда. Ідзе не проста вялікі майстра музычнага тэатра, але i заснавальнік беларускага мастацтва аперэты, ідзе актрыса, якая знаходзіцца ў выдатнай творчай форме...
Як проста аказалася разваліць тэатр, які ледзь-ледзь набіраў сілы i не паспеў стаць на ногi! Праз пэўны час мы мaгпi б зрабіцца цікавым творчым калектывам, а цяпер вымушаны думаць толькі пра тое, каб выжыць".
Ліст падпісалі К. Лосеў, В. Шаўкалюк, А. Ранцанц, З. Вяржбіцкая, Г. Казлоў, А. Касцецкі, А. Кузьмянкоў... Усяго 39 подпісаў. Дата апублікавання ліста – 14 студзеня 1988 года. Але толькі праз восем месяцаў пасля выступлення "Советской культуры", 25 лютага 1988 года, газета здолела пазнаёміць чытачоў з адказам міністра культуры БССР Ю. Міхневіча. Ён паведаміў, што міністэрства, якім ён кіруе, нарэшце ўжыло ўладу "з нагоды непрыняцця кіраўніцтвам тэатра неабходных дзеянняў, скіраваных на стабілізацыю творчага жыцця калектыву". Які стыль! Вынікам жа "ужытай улады" было прызначэнне Н. Гайды мастацкім кіраўніком тэатра. Што i казаць: палітыка перніка i пyгi! Ю. Міхневіч паведаміў таксама, што "галоўны дырыжор А. Лапуноў пераведзены на іншую работу, дырэктару тэатра Л. Годаву аб'яўлена строгая вымова... Калегія міністэрства строга ўказала начальніку ўпраўлення тэатраў i музычных устаноў т. Рылатку У.П. за праяўленую марудлівасць у вырашэнні кадравых пытанняў".
...Галоўных герояў канфлікту ў штаце тэатра ўжо не было, ды ў калектыве па-ранейшаму заставаліся варожыя групоўкі. Нагодай для новага непакою было тое, што В. Цюпа ў якасці запрошанага рэжысёра пачаў рэпетыцыі фолк-оперы "Клоп" У. Дашкевіча паводле п'есы Маякоўскага, якая была прынята да пастаноўкі яшчэ тады, калі ён працаваў у тэатры. I на галоўныя ролі былі прызначаны ўсе тыя, хто актыўна падтрымліваў рэжысёра: Н. Гайда, А. Ранцанц, Р. Харык, А. Кузьмянкоў, Г. Казлоў, З. Вяржбіцкая, К. Лосеў, А. Касцецкі, С. Якавец.
Гэта не проста таленавітыя людзі. Гэта прыкметныя акцёры жанру аперэты, якія воляю лёсу апынуліся ў адным сціплым тэатры музкамедыі горада М., i В. Цюпа, дарэчы, прычыніўся да рэжысёрскага адкрыцця многіх з ix. Спектакль "Клоп" зрабіўся ўзлётам у ix творчай біяграфіі. Прэм'ера адбылася 19 красавіка 1988 года. У гэты дзень нарадзіўся цудоўны спектакль-роздум пра лёс падманутага рэвалюцыяй пакалення, пра трагедыю расчаравання ў рэвалюцыйных ідэалах, нашых мінулым i будучым, – спектакль, які ўражваў смеласцю рэжысёрскай канцэпцыі i глыбінёю спасціжэння бязмежных магчымасцей сучаснага тэатра. Касмаганічная сцэнаграфія, выкананая У. Жданавым, высокапрафесійная работа дырыжора А. Сасноўскага, бліскучы акцёрскі ансамбль надалі спектаклю рэдкую цэласнасць, адзінства кампанентаў.
У правінцыйным горадзе М. адбылася культурная падзея ўсесаюзнага маштабу, таму што тут нарадзіўся спектакль, роля якога ў сучасным савецкім тэатры па глыбіні пастаўленых агульначалавечых праблем, па навізне выразных прыёмаў можа быць супастаўлена з роляю "Пакаяння" Т. Абуладзе ў кіно. Не баюся гучных слоў, магу адказваць за ix, нават бачачы з'едлівыя ўсмешкі на некаторых тварах i чуючы дзяжурныя абвінавачванні ў "змове з Цюпам". І ўсё ж я асмелюся выйсці па-за рамкі правінцыйных паняццяў, калі лічыцца непрыстойным называць акцёраў мясцовых тэатраў "зоркамі сцэны", а спектаклі, якія заслугоўваюць высокай ацэнкі, – "выдатнымі". Чаго нам саромецца? Можа, у нас такіх спектакляў шмат? Ці нам, правінцыялам, проста не стае духу асэнсаваць, што таленавітыя людзі жывуць i працуюць поруч з намі? Ганарыцца б Мінску, што тут працуе сапраўдная зорка М. Гулегіна, спяваць з якой лічаць за гонар вядучыя майстры опернай сцэны ўсяго свету. Дык не! У нас яна атрымала званне заслужанай артысткі i адразу ж – ад свайго калегі са старонак "Вячэрняга Мінска": маўляў, не заслужылі, Марыя Агасаўна, гэтага звання з прычыны адсутнасці ў рэпертуары твораў беларускіх аўтараў. I наогул – шмат сабе дазваляеце. А ў выніку ў ДАВТе БССР ужо няма М. Гулегінай, якая спявае ў нейкіх там Лонданах, Міланах...
Вяртаючыся да апошняй пастаноўкі В. Цюпы, паўтару, што ў адносінах да яе не пашкадую гучных слоў, хоць "Клоп", зразумела, небездакорны. Поспех спектакля здзіўляе яшчэ i таму, што ён нараджаўся літаральна ў ваенна-палявых умовах. Прэм'еру цёпла сустрэлі гледачы, з'явіўся цэлы шэраг рэцэнзій у прэсе, якія не былі арганізаваныя, што здаралася раней. Адгукнуцца на "Клапа" прымушала тое, што спектакль даў шмат матэрыялу для актыўнага роздуму.
Між тым у самім тэатры... Прэм'еру сустрэлі як ворага, і ўвесь далейшы пракатны лёс пастаноўкі ўяўляў сабой адчайнае змаганне за існаванне ў рэжыме найменшага спрыяння з боку адмінністрацыі i калег. Н. Гайда знаходзілася на пасадзе мастацкага кіраўніка лічаны час: да канца сезона, пакуль ішлі рэпетыцыі "Клапа". А ў новым сезоне тэатр атрымаў i новага галоўнага рэжысёра – М.I. Гусева, прызначэнне якога на пасаду адбывалася ў лепшых традыцыях Міністэрства культуры БССР. Параіўшыся, кіраўнікі гэтага органа валявым рашэннем з падачы дырэктара Л. Годава прызначылі новага галоўнага. Вядома ж, без згоды кіраўніцтва СТД БССР i калектыву тэатра, які ў асобе М. Гусева набыў ката ў мяшку, бо з яго пастаноўкамі ніхто ў рэспубліцы не быў знаёмы. Пазней у тэатры даведаюцца, што ён працаваў у Сыктыўкары, Пярмі, у знакамітым адэскім тэатры музкамедыі паставіў неяк не менш знакамітае "Вяселле ў Малінаўцы". (Гэтага спектакля не выратаваў нават удзел М. Вадзянога, таму што з прычыны неадпаведнасці высокім адэскім стандартам пастаноўка была знята з рэпертуару амаль адразу ж па прэм'еры.)
Выдатна разумею, што кожны мастак мае права на памылку, але няхай мне растлумачаць, чаму Мінкульт выбраў менавіта М. Гусева? I наогул: няўжо стратэгі ад мастацтва не разумелі, што прымусовае прызначэнне галоўнага рэжысёра – чалавека невядомага – правакуе ў тэатры чарговы скандал?!
Мусіць, на пэўным этапе тэатр музкамедыі зрабіўся для Міністэрства культуры нечым накшталт забаўкі, палігона для эксперыментаў згодна прынцыпу: "Чым горш – тым лепш".
...У тэатр накіравалася здымачная група беларускага тэлебачання, але дырэктар Л. Годаў аддаў загад нікога ў тэатр не пушчаць. Ён, зразумела, меў на ўвазе чарговую "змову з Цюпам", які наклікаў на яго галаву тэлебачанне. Перадача здымалася на вуліцы. Камера зафіксавала дзве купкі людзей. У адной з ix казалі канкрэтна: Г. Казлоў, Р. Харык, А. Кузьмянкоў, С. Якавец згадвалі адсутнасць у тэатры творчага аднадумства, нізкую культуру ўзаемаадносін, нежаданне Mінкульта i дырэкцыі дазволіць В. Цюпу ставіць новыя спектаклі з тымі акцёрамі, якія жадаюць з ім працаваць. Людзей з другой купкі зразумець было цяжка: у цэлым пафас іх выступленняў зводзіўся да непрыняцця спектакляў В. Цюпы, яго самога i тых, хто яго падтрымліваў. Нехта Хадасок, артыст аркестра, барабаншчык проста густа заплюхаў слоўным брудам Н. Гайду.
Праз некаторы час айцы гарадской культуры передалі тэатр музкамедыі ў ведамства упраўлення культуры Мінгарвыканкома – арганізацыі, якая не мела ніякага дачынення да забеспячэння нармальнай дзейнасці тэатраў. Мінкульт скульнуў тэатр з возу, як тую бабу, вырашыўшы, што з яго хопіць, а з песняй радасна крочыць па зямлі можна i без тэатра музкамедыі. У міністэрстве ўмелі своечасова мыць рукі...
Між тым у самім тэатры... Там адбылася важная падзея: "Клоп" быў адабраны для ўдзелу ва Усесаюзным фестывалі "Тэатр-88" (снежань 1988 г., Масква) як лепшы спектакль сезона ў рэспубліцы. Мінскі тэатр быў адзіным музычным тэатрам сярод 13 калектываў на фестывалі, сярод якіх былі Тэатр на Таганцы, Каўнаскі драматычны, Саратаўскі акадэмічны, Літоўскі тэатр моладзі…
Прывяду водгукі маскоўскай крытыкі.
"Гэта выдатна і нечакана. Надзвычайная музычная культура, дасканалае валоданне вакальнай тэхнікай. Радасць, якую я атрымала ад гэтага спектакля, мяне цалкам захапіла і завалодала душой. Я ўбачыла зорных акцёраў аперэты…" (І. Васіліна, часопіс "Тэатр").
"Гэты спектакль – гутарка з Маякоўскім і адначасова дыскусія з ім, рэквіем па ім. У ім ёсць пранізлівая лірычная нота, зварот да душы чалавека. Усё гэта пакідае вельмі моцнае эмацыянальнае ўражанне" (В.Бірукоў, "Театральная жизнь").
"Клоп" – сведчанне таго, што ў нашым тэатры з’явіўся новы перспектыўны напрамак. На пленуме, прысвечаным праблемам музычнай сцэны, мне запомніліся словы Барыса Пакроўскага: "Нам патрэбны тэатр без берагоў". Менавіта такі тэатр Цюпы" (С. Карабкоў).
"Гэта сур’ёзная і прадуманая работа. Мы ўдзячныя, што наша з Юліем Кімам ідэя была ўвасоблена гэтак таленавіта, што матэрыял, дарагі нам, тpaпіў у беражлівыя pyкі..." (У. Дашкевіч, аўтар музыкі).
У горадзе М. спектакль "без берагоў" ішоў раз на месяц пры пустых залах. Помніцца так званы "экран наведвання", які вiceў у службовым фае тэатра. "Клоп" нязменна займаў у ім апошняе месца. Адміністрацыя давала зразумець, што гэта спектакль някасавы, глядач яўна не жадае галасаваць за яго рублём. Нераспаўсюджаныя білеты вярталіся ў касу тэатра перад чарговым паказам "Клапа" з зайздросным пастаянствам.
Дазволю тут сабе чарговую рэпрызу i нагадаю шаноўнаму чытачу, што часткай культурнага жыцця горада М. ёсць адсутнасць глядацкіх тэатральных традыцый. Адзіны тэатр, куды ідзе ў горадзе глядач, – тэатр аперэты. Гледачоў прыцягваюць: а) знаёмая музыка; б) знаёмы сюжэт; в) Наталля Гайда. У "Клапе" яна таксама ўдзельнічае, ды хто пра гэта ведае? Рэкламаваць спектакль, як i іншыя пастаноўкі В. Цюпы, тэатру не з рукі: куды прасцей развешваць красамоўныя "экраны" i падлічваць колькасць гледачоў, якія пакідаюць тэатр пасля першага акта. Прасцей прыслухацца да бадзёрых пажарнікаў, для якіх выкарыстанне лазера ў "Клапе" нібыта супярэчыць правілам бяспекі. Такім чынам, прасцей забараніць лазер i пазбавіць спектакль сэнсавай кульмінацыі.
Усё гэта было. Ды было i іншае. Аднойчы камсорг тэатра, чалавек малады i энергічны, па ўласнай ініцыятыве распаўсюдзіў 200 білетаў на адзін паказ "Клапа". Амаль палову таго, што тэатр дае ў касы горада. Зала была поўная. Значыць, не ставала толькі ініцыятывы i зацікаўленасці...
... Поспех "Клапа" раздражняў тэатр. В. Цюпа тут даўно ўжо лічыўся "дысідэнтам", i з таго часу, як быў пастаўлены "Клоп", дзверы тэатра зачыніліся для яго канчаткова. Ягоная пастаноўка "Гуляем у прынца i жабрака" сышла з афішы, хоць афіцыйна яна будзе знята пазней, разам з "Сірано".
Імкнучыся хоць неяк выратаваць становішча, "Советская культура" друкуе яшчэ адзін артыкул В. Кічына пад назвай "Драма з аперэтай": "Тое, што зрабіў мінскі тэатр музкамедыі пад кіраўніцтвам В. Цюпы, – гэта рэальнае выйсце з салоннамяшчанскага тупіка... Тэатр Цюпы сёння бяздомны. Ягоныя праціўнікі святкуюць перамогу. Ягоныя ўдзельнікі не бачаць перспектывы, ix лідэр цяпер у іншым тэатры; спектаклі апынуліся ў акружэнні глыбока варожым, ідуць вельмі рэдка i асуджаны на выміранне. Трупа на мяжы страты вядучых, найбольш яскравых майстроў. Стварыць новы тэатр? Ва ўciм свеце так бы i зрабілі – але ці гатовы да рашучых крокаў Мінск? Таму што не студыя ж павінна ўтварыцца, а вялікі, тэхнічна аснашчаны, шматлюдны i yнiкальны Тэатр. Ён ужо ёсць – дайце яму дом. Маўчыць горад. Маўчыць Міністэрства культуры. Маўчаць саюзы тэатральных дзеячаў БССР i СССР...".
Дата публікацыі – 14 лютага 1989 года. Адказу няма i сёння, хоць міністрам культуры Беларусі быў прызначаны Я.К. Вайтовіч, ягоным намеснікам – У.П. Рылатка. Ды само міністэрства фармальна ўжо не адказвала за тэатр, а СТД БССР, падобна на тое, вырашыў застацца ўбаку. Між тым тэатр яшчэ можна было выратаваць, бо прароцтвы В. Кічына здзейсняцца толькі праз год...
Новы дырэктар тэатра, Л.Ю. Смірноў, запэўніў трупу, што не будзе ўмешвацца ў творчыя пытанні, аддаючы гэтае права М. Гусеву, які ўсё яшчэ глядзеў на тое, што адбывалася, "свежым паглядам збоку", як гэта ён растлумачыў у адным інтэрв'ю. З'явіўся ў тэатры i новы галоўны дырыжор – С. Бурак. Адбыліся ціхія і сціплыя прэм'еры спектакляў у пастаноўцы Б. Уторава, Ю. Бярозы, С. Штэйна, якія не зрабіліся падзеямі, а шмат у чым пацвердзілі сумныя прагнозы. Нарэшце, пачаў рэпетыцыі спектакля "Біндзюжнік i Кароль" паводле п'есы "Заход" I. Бабеля сам М. Гусеў.
– Цюпа у тэатры не сыходзіў з языкоў, – сказаў галоўны мастак У. Жданаў. – Усе заявы нашых акцёраў, каб яму дазволілі ставіць, насілі не столькі ультыматыўны характар, колькі былі натуральнай патрэбай найбольш творчага ядра акцёрскага цэха працаваць з таленавітым рэжысёрам... Цюпа ў розны час прапанаваў тэатру спектаклі "Кабарэ", "Icyc Хрыстос – суперзорка", "Ф'ёрэнца", прапанаваў бясплатна перарабіць спісаных "Прынца i жабрака" у чыста дзіцячы спектакль, ды яго ініцыятыва аказалася непатрэбная ні мастацкаму кіраўніцтву, ні дырэктарату. Цюпа жадаў паставіць "Кабарэ" ў разліку на Гайду. У тэатры доўга раіліся... Здзіўляючая сітуацыя: рэжысёр прапануе пастаноўку, ведаючы сілы тэатра. А галоўны дырыжор, які працуе без году тыдзень, кажа, што не бачыць выканаўцы галоўнай ролі, а Гайда – старая... Я такога нідзе i ніколі не сустракаў, ні ў адным тэатры!..
Hі ў адным тэатры, напэўна, не маглі б з'явіцца i лістоўкі, падобныя на тыя, што з'явіліся ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР i называліся "Заклік да гледача". Усю гэтую "паэзію" нельга цытаваць, але адзін фрагмент скажа сам за сябе.
Клопы развелись на подмостках сей сцены
Искусством нахальства и подлой изменой.
Театр нужно дустом посыпать, отмыть,
И пошлых "Клопов" из театра изжить
Чтоб наша мораль, как кристалл была чиста,
Чтоб голос, талант был дипломом артиста.
Свистите, кричите, гоните их прочь,
Один в силах зритель искусству помочь.
Чтоб меньше задами своими мелькали
И чтобы всем этим нас не оскорбляли.
Пишите в газеты, в журналы пишите!
Проснитесь, друзья, и искусство лечите!
Пачкі гэтай "паэзіі", надрукаванай на машынцы, гледачы маглі набыць у туалетах тэатра...
Да канца гicторыіі заставалася зусім няшмат. Да пастаноўкі на наступны сезон быў прыняты "Тэатр" У. Кандрусевіча паводле С. Моэма. Зразумела, галоўную ролю ў ім павінна была іграць H. Гайда. Спектакль задумваўся значна раней як своеасаблівы бенефіс актрысы, якую адзін крытык у свой час назваў "Уланавай савецкай аперэты"... Рэжысёрам спектакля быў прызначаны Б. Утораў.
Між тым спектакль "Клоп" быў паказаны на І Усесаюзным фестывалі аперэты, музычнай камедыі i мюзікла ў Адэсе па ініцыятыве СТД СССР. Паказ спектакля можна назваць трыумфальным. Вось некаторыя з водгукаў.
"Клоп" ад галавы да пятаў эксперыментальны, па-наватарску дзёрзкі i ашаламляльны. Размашыстасць, тэмперамент, каскад рэжысёрскіх імправізацый, сінтэз музыкі, пластыкі, сцэнаграфіі ўтвараюць той сплаў тэатральнасці, які ўжо гадоў сто не даводзілася бачыць на нашых сцэнах" (А. Шчарбакоў, "Вечерняя Одесса", 13 красавіка 1990 г.).
"Зоркай фестывалю зрабіўся мінскі тэатр музкамедыі, які паказаў фолк-оперу У. Дашкевіча "Клоп". Сыграны на адкрыцці свята спектакль адразу ж так высока падняў планку творчага спаборніцтва калектываў, што пераадолець яе так ніхто i не здолеў" (С. Зміеўскі, "Черноморская коммуна", 15 красавіка 1990 г.).
"Гэта спектакль высокага, а часам – надзвычай высокага акцёрскага майстэрства. Работы Харыка, Гайды, Кузьмянкова, Вяржбіцкай, Казлова, Касцецкага, Лінкевіч дэманструюць увесь спектр магчымасцей сінтэтычнага тэатра... Рэжысёр В. Цюпа дакрануўся да сур'ёзных сацыяльна-духоўных праблем нашага часу. Прызнаюся, што і ў сучасным драматычным тэатры я не сустракаў такой сур'ёзнай i пранікнёнай пастаноўкі пытання пра шчасце i свабоду чалавека, пра трагічную дыялектыку ягоных зносін з грамадствам, пра каштоўнасць гістарычных ілюзій... Было б трагедыяй для савецкага тэатра, і ў прыватнасці для мінскага тэатра музкамедыі, не зберагчы гэтую работу, не атрымаць з яе прынцыповыя ўрокі, не развіць ix у новых, такіх жа сур'ёзных, наватарскіх спектаклях" (Л. Закс, з абмеркавання спектакля).
"Клоп" i сапраўды зрабіўся лідэрам фестывалю. Яго называлі "валютным спектаклем", з дырыжорам А. Сасноўскім ледзь не братаўся аркестр адэскай аперэты ("Лепшаму дырыжору фестывалю" – напішуць яму на фестывальнай афішы). А. Кузьмянкова назавуць "акцёрам еўрапейскага ўзроўню".
У горадзе ж М. гэтаму акцёру прапануюць ролю аднаго з чатырох зайцоў у дзіцячым спектаклі. А калі трошкі раней пра яго напішуць у газеце, ад некаторых cвaix калег ён даведаецца, што, аказваецца, мае "лапу" – "доўгую i валасатую", якая i наладжвае яму артыкулы ў прэсе. Вось як у тэатры выказвалі свае адносіны, да поспехаў калегі i адначасова дэманстравалі патрэбу ў таленце – "дыпломе артыста".
Незадоўга да паездкі ў Адэсу на чарговай рэжысёрска-дырыжорскай калегiі ўзнікае пытанне пра тое, каб прапанаваць спектакль "Клоп" на атрыманне Дзяржаўнай прэміі БССР. З прапановай выступіў A. Сасноўскі, спасылаючыся на ўдзел спектакля ва ўсесаюзным фестывалі, водгукі прэсы i спецыялістаў. Ды большасць прысутных, у тым ліку галоўны рэжысёр тэатра, адхілілі прапанову. Абавязковае ў такіх выпадках галасаванне не адбылося.
А праз тыдзень пасля Адэсы засядаў мастацкі савет. На ім вучань I. Абраміса i Ю. Тэмірканава, "лепшы дырыжор фестывалю" А. Сасноўскі не быў пераабраны на пасаду дырыжора. Гэткі ж лёс напаткаў i яшчэ некалькіх чалавек, што мелі сякое-такое дачыненне да "Клапа" ці асабіста да В. Цюпы. Зразумела, пачаліся паходы ў Міністэрства культуры да Я.К. Вайтовіча, У.П. Рылаткі... Безвынікова!
Між тым падышла прэм'ера спектакля "Біндзюжнік i Кароль" – першая пастаноўка М. Гусева за два гады работы ў тэатры. Спектакль атрымаўся сярэдні i правінцыйны, што надзвычай адпавядае традыцыям горада М., i гэта дае падставу меркаваць, што ў тэатры музкамедыі М. Гусева чакае плён. Аптымізму дадаў У.П. Рылатка, які пасля прэм'еры сказаў: "Крепкий спектакль".
Ды я не разумею, як можа быць "крепким" спектакль, у якім спалучыліся пошлае лібрэта, што ператварыла глыбока трагічную п'есу I. Бабеля ў брыдкі анекдот, шэрая i бляклая музыка, што не мае нічога агульнага з заяўленым жанрам мюзікла, i бездапаможная рэжысура без нейкай прэтэнзіі на асабістую канцэпцыю, на абагульненне, славутую "звышзадачу"? Нават не абы-які акцёр А. Ранцанц (Мендэль Крык), у разліку на якога ставіўся спектакль, быў не ў сілах пераадолець рэжысёрскую інерцыю. Модная цяпер у тэатры i не толькі ў ім "гульня ў Адэсу i яўрэяў" абярнулася ў спектаклі безгустоўнасцю i пошласцю. Сапраўдныя адэсіты, акцёры адэскага тэатра "Камедыум", якія выпадкова трапілі на здачу спектакля, пайшлі з другога акта. У гардэробе ix, мусіць, не падлічылі. Яны пайшлі сабе i не пачулі заключнага хору, тэкст якога не вельмі адрозніваўся ад вершаў з тэатральных туалетаў. Хор праслаўляў славутую адэскую вуліцу: "Молдаванка, Молдаванка, девка смолоду давалка..."
Гледачы атрымлівалі надзвычайны эстэтычны зарад...
Прэм'ера "Біндзюжніка" супала з канцом 20-га тэатральнага сезона мінскай аперэты, а разам з тым з канцом "тэатра Цюпы". Пачаткам канца стаў вымушаны адыход з тэатра Н. Гайды i А. Кузьмянкова.
– Многія ролі майго амплуа я ўжо не павінна іграць, а пераходзіць на маленькія ролі не хачу, – сказала Н. Гайда. – Спадзявацца, што ў тэатры будуць рабіць ролі на мяне, – утопія. Я згодна бясплатна рэпеціраваць спектакль "Тэатр", пра які марыла, ды ў сувязі з маім пераходам у філармонію адміністрацыя тэатра вырашыла спыніць работу над спектаклем. Ужо падрыхтаваны лісты кампазітару i аўтару лібрэта з адмовай далейшай работы з імі. Паход Б. Уторава да Рылаткі зменшыў энтузіязм адміністрацыі, ды кропку ставіць рана. Мяне ніхто не пераканаў бы застацца ў тэатры. Я больш не магу бачыць тое, што адбываецца. Пакуль не з'явяцца творчыя крытэрыі, пакуль кожны не будзе адказваць за ўласную справу – тэатра не будзе. Для мяне было б трагедыяй застацца ў тэатры пры гэтым кіраўніцтве...
На мае пытанне, як у Міністэрстве культуры паставіліся да яе адыходу, Н. Гайда адказала, што i міністр, i ягоны намеснік выказалі вялікае разуменне.
З "вялікім разуменнем" выслухаў У.П. Рылатка i А. Кузьмянкова, якога пасля фестывалю запрасіў у свой тэатр адэскі рэжысёр Ю. Грышпун (А. Кузьмянкова ўжо няма ў Мінску), з "вялікім разуменнем" паставіўся i да А. Сасноўскага, падтрымаўшы ягоную кандыдатуру для стажыроўкі за мяжой. "Вышэйшая дыпламатыя", як казалі героі адной вядомай аперэты.
I на заканчэнне – другая частка гутаркi з У. Жданавым, што можна лічыць у гэтай гісторыі эпілогам.
ЭПІЛОГ
– "Біндзюжнік i Кароль" – перыферыйная пастаноўка з бездапаможнай, састарэлай эстэтыкай – канчаткова вырашыла лёс тэатра, які імкнуўся збудаваць Цюпа. "Клапа" чакае тое самае, што i два іншыя спектаклі рэжысёра, калі ўлічыць зацікаўленасць тэатра. Прычыны – адыход Гайды, Кузьмянкова, Сасноўскага, магчымы ад'езд Харыка (кантракт са Свярдлоўскім тэатрам). Усе гэтыя людзі згодны працаваць у "Клапе", ды пазіцыя тэатра іншая. Разам з Цюпам намі былі зроблены сур'ёзныя намаганні, каб мінскі тэатр знайшоў свае трывалае месца сярод тэатраў аперэты краіны, нас падтрымалі многія акцёры... Цяпер жа i я задумаўся над тым, ці не ліншні ў гэтым калектыве...
ДЫК ХТО Ж У НАС АДКАЗВАЕ ЗА ТОЕ, ШТО НАДЗЕІ – ПАМІРАЮЦЬ?!
Хто адказны за развал тэатра, за зламаны лёс творцаў? Пройдзе шмат часу, пакуль гэтыя радкі ўбачаць свет. Сітуацыя, мусіць, праясніцца, магчыма, з афішы знікне "Клоп", таму цяпер магу толькі загадваць, колькі працягнецца ягоная агонія. Што ж да "Сільвы", адзінага спектакля В. Цюпы, які застаўся ў рэпертуары і ў якім удзельнічаюць два склады, дык інфаркт яму не пагражае. Гэты спектакль будзе паміраць павольна, ціха, таму што без Н. Гайды, А. Кузьмянкова i іншых акцёраў, чыя прысутнасць у тэатры праблематычная, ён будзе ўжо зусім іншы, дзе ад рэжысёрскай задумы наўрад ці што застанецца.
Тэатр Цюпы памёр. Няхай жыве правінцыя!
На заканчэнне хачу запэўніць, што маім пяром не кіравалі pyкі H. Гайды, А. Кузьмянкова, дырыжора А. Сасноўскага, мастака У. Жданава, рэжысёра В. Цюпы. Яно рухалася само. Хабару не бяру i не даю, з чым i застаюся:
В. Недавалка (не малдаванка).
P. S. Ганарар з прыемнасцю пералічу ў фонд стварэння помніка Тэатру імя В. Цюпы. Паставіць яго прапаную пад вокнамі Міністэрства культуры так, каб яго было добра відаць i адтуль, i з боку тэатра музычнай камедыі. (Аўтар.)
P. P. S. Пасля таго як гэты матэрыял быў падрыхтаваны да друку, ЦК ЛКСМБ прысудзіў рэжысёру В. Цюпу за спектакль "Клоп" сваю прэмію ў галіне мастацтва. Як кажуць, амэн! (Рэдакцыя.)
Фота А. Дзмітрыева.
Мастацтва Беларусі. – 1990. – № 12. – С. 13–18.
На здымках:
"Гуляем у прынца і жабрака" А. Журбіна. Сцэна са спектакля.
"Клоп" У. Дашкевіча. Сцэна са спектакля.
"Сірано" С. Пажлакова. Сірано – Р. Харык.
"Горад ад розуму" А. Фельзера. "Чацкі – Р. Харык.
"Клоп" У. Дашкевіча. Сцэна са спектакля.
"Гуляем у прынца і жабрака" А. Журбіна. Сцэна са спектакля.
|