« НазадНАТАЛЛЯ ГАЙДА: "АПЕРЭТА — МАЯ ЛЮБОЎ…"Заканчэнне. Пачатак у № 11, 2012 г. — А з кім з рэжысёраў вам працавалася асабліва цікава і плённа? — Калі пачынаць з оперы, то я вельмі ўдзячная Марку Мінскаму, галоўнаму рэжысёру Свярдлоўскага опернага тэатра, які паверыў у мяне, даручыў, яшчэ студэнтцы, галоўную партыю. З прыемнасцю згадваю і Георгія Мілера, які паставіў "Багему" ў тым жа тэатры. З гэтай операй мы гастралявалі ў Маскве. Я спявала партыю Мюзеты, і менавіта яе выкананне прынесла мне ўсесаюзную вядомасць. Гэта і рэжысёр тэатра Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі Павел Златагораў, у ягоным спектаклі "Дон Жуан" я выканала партыю Цэрліны. А ў аперэце — гэта, безумоўна, Сямён Штэйн, высокапрафесійны, адукаваны чалавек. Гэта, канешне, Вячаслаў Цюпа. Працаваць з ім было няпроста, але цікава. У нашым тэатры ён паставіў чатыры спектаклі, і ў кожным з іх у мяне была галоўная роля. Ну, і не магу не сказаць добрае слова пра Барыса Уторава, які лічыўся драматычным рэжысёрам, але быў адораным музыкантам і тонка адчуваў спецыфіку музычнага спектакля. Я ўдзячная яму за тое, што ў першым жа мюзікле, які мы паставілі, "Мост мары", ён даручыў мне галоўную партыю. Прычым без дублёркі. Гэта — вялікі давер для актрысы. А "Каралева чардаша"? А "Вольны вецер"? А "Шклянка вады"? Усё гэта бліскучыя пастаноўкі Барыса Уторава, дзякуючы якім і тэатру, і мне выпала нямала прыемных кампліментаў. Ну вось а цяпер у нашым тэатры новы галоўны рэжысёр — Сусанна Цырук, з якой мне, на шчасце, працуецца і цікава, і камфортна. Спецыяльна для мяне ў новай пастаноўцы "Сільвы" яна зрабіла ўстаўны нумар — партыю Аляксандры, маці Эдвіна. Гэты нумар вельмі дакладна выяўляе сутнасць актрысы. Я была кранута такой увагай. Разумееце, гэта заўсёды вялікая радасць і шчасце для акцёра, калі рэжысёр робіць нешта спецыяльна для цябе. — Музыказнаўцы не раз выказвалі захапленне вашым голасам, характарызуючы яго самымі высокімі эпітэтамі і паэтычнымі параўнаннямі. А як вы самі адносіцеся да свайго багацця, падараванага вам прыродай? Як вы беражаце свой голас? — З мемуараў я ведаю, што многія вялікія спевакі надзвычай клапатліва адносіліся да свайго голасу. Я сама бачыла, як Лемешаў старанна ахутваў горла шалікам. Напэўна, кожны, ведаючы свой арганізм, робіць па-свойму. Для мяне такое здаецца няправільным. Больш таго, нават шкодна, таму што калі ты ўвесь час хутаешся, то пасля — не дай бог што — імгненна прастудзішся. Трэба проста апранацца па надвор’і. Як кажуць, няма кепскага надвор’я — ёсць кепская вопратка. Але не ствараць цяплічных умоў для горла, для голасу. Так, канешне, існуюць пэўныя правілы, якія неабходна захоўваць. Я, напрыклад, перад спектаклем не буду піць шампанскае, газіраваныя напіткі, з халадзільніка малако. Не буду есці арэхі, шакалад, марожанае. Але гэта толькі перад спектаклем. А ў прынцыпе, я ўсё гэта ем і п’ю. Трэба толькі ведаць, калі і колькі. Я не хутаюся. Адзінае, чаго патрабуе мой голас, і не толькі голас, а і маё здароўе, фізічнае, — гэта захоўванне рэжыму. Таму не спаць ночы напралёт, тусавацца, выбачайце, бог ведае дзе, а пасля на наступны дзень выходзіць на сцэну — такога, канешне, дапускаць нельга. Я павінна нармальна высыпацца. Хаця, напэўна, у кожнага свой рэжым. Нехта кладзецца спаць у 10 гадзін вечара, нехта значна пазней. У мяне раней 12-ці не атрымоўваецца. Затое раніцаю я не магу валяцца ў ложку. Я прачынаюся і адразу займаюся хатнімі справамі. — А падтрымліваеце голас у форме вы самастойна ці займаецеся з педагогам? — Самастойна. Так у мяне склалася жыццё, што я рана пакінула сваю альма-матар і свайго педагога. А мяняць педагогаў небяспечна. Я проста старалася многа слухаць жывых спевакоў, запісы класікаў, і ўсё, дзе можна было браць нешта карыснае для сябе, абавязкова брала. Ва ўсякім разе, калі праз некалькі гадоў у Мінск прыехала мой педагог Людміла Флягонтаўна Драздова і паслухала мяне ў спектаклі "Баядэра", то сказала: "Малайчына, ты нічога не згубіла. Наадварот, набыла". І я зразумела, што мне трэба працягваць гэту сваю самаадукацыю, самавыхаванне. Безумоўна, чуйнае вуха з боку, з боку прафесіяналаў патрэбна. Сёння ў мяне — гэта мастацкі кіраўнік Адам Мурзіч і выдатны спявак Пётр Рыдзігер. — Якія якасці акрамя голасу і таленту трэба мець артысту музычнага тэатра? — Ды, уласна кажучы, як і ўсюды — валодаць прафесіяй. А прафесія мяркуе ўсе астатнія складнікі — і дысцыпліну, і сілу волі, і самавыхаванне. І, канешне ж, здароўе. А ў нас яшчэ — валоданне пластыкай, уменне танцаваць, акцёрскае майстэрства. Ну і, само сабой зразумела, праца — штодзённая, напружаная, упартая, мэтанакіраваная. Без гэтага ўсе астатнія якасці зводзяцца да нуля. — У вашай біяграфіі быў такі факт. Цэлы год вы не працавалі ў тэатры. Былі салісткай філармоніі, выступалі з сольнымі канцэртамі. Што здарылася? — Было, было і такое. Хаця ў тэатры я працягвала працаваць. Разава. Таму што заставалася адзінай выканаўцай ролі ў спектаклі "Клоп", таму прыходзіла і іграла. А што здарылася? Да нас галоўным рэжысёрам прыйшоў працаваць чалавек, імя якога я нават не хачу называць. І вось па нейкіх незразумелых прычынах ён паставіў мне прагул і абвясціў вымову. Зрабіў гэта абсалютна несправядліва. А справа была вось у чым. Мяне Штэйн, у якога я рэпеціравала, адпусціў на трое сутак на фестываль ва Уфе. Тым больш што спектакляў маіх у тэатры ў гэтыя дні не было. А калі вярнулася, усчаўся цэлы скандал. Праўда, калі разабраліся, то прагул адмянілі, а вымову чамусьці пакінулі. Мяне гэта пакрыўдзіла, і выпадак гэты стаў той апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу майго цярпення. Мне вельмі многае не падабалася ў рабоце гэтага рэжысёра, і я думала, што такое будзе доўжыцца бясконца, а нервы мае ўжо не вытрымлівалі, і я сышла. І стала працаваць у філармоніі. А пасля таго, як знялі таго рэжысёра, які аказаўся абсалютным непрафесіяналам, у тэатр прыйшоў новы дырэктар і ў адным з інтэрв’ю сказаў: "Першае, што я хачу зрабіць, — гэта вярнуць у тэатр Наталлю Гайду…" І я, натуральна, з задавальненнем вярнулася. — Пэўны час таму вы прызнаваліся, што значнай ролі ў тэатры ў вас няма. Ці змянілася сітуацыя цяпер? — Ды асаблівай сітуацыі і не было. Проста я, у сілу ўзросту, перайшла ў іншае амплуа — характарнай актрысы. І, слава богу, ролі ў мяне ёсць. Гэта ролі, у якіх ёсць што сказаць. І ў тым жа "Аршыне мал алан", і ў тым жа "Бабіным бунце", і ў той жа "Сільве"… Я адчуваю, што патрэбна тэатру. Радуе, што акрамя спектакляў мяне запрашаюць у тэатральныя канцэртныя праграмы. Я супрацоўнічаю з Таццянай Старчанка, мастацкім кіраўніком філармоніі, удзельнічаю ў розных тэматычных канцэртах. Быў, напрыклад, такі цікавы праект: драматычныя акцёры спяваюць, а спевакі чытаюць літаратурныя творы. Я вывучыла "Нунчу" Горкага. Ніколі да гэтага не чытала са сцэны, а тут вялікае апавяданне. Хвалявалася, але ўсё абышлося. Ёсць і іншыя праекты. Гэтай восенню запланаваны вечар рамансаў і песень "Тры ўзросты кахання". — Хачу дадаць: акрамя свайго тэатра вы яшчэ разам з народнай артысткай Беларусі Марыяй Захарэвіч у Купалаўскім тэатры іграеце ў трагікамічным спектаклі "Я не пакіну цябе". А да гэтага не адзін сезон былі заняты ў спектаклі "Валянцінаў дзень", што ішоў на сцэне Тэатра імя Горкага. У сувязі з гэтым, відаць, не аднаго мяне цікавіць: навошта вам такія эксперыменты? Што вам гэта дае? — Так, так (смяецца)… Многіх гэта не толькі цікавіць, але і здзіўляе. Калі я іграла Кацюшу ў Рускім тэатры, мне перадалі недаўменнае пытанне адной маёй паклонніцы: "А што, Наталля Віктараўна робіць гэта з-за грошай? Яна ж у сваім тэатры — гераіня, а тут нейкая грубая, развязная жанчына — гарэлку п’е, лаецца…" Сапраўды, я такога ніколі не іграла. Роля, што называецца, на супраціўленне. І я ў сваёй Кацюшы хацела паказаць не толькі кепскае, але і нешта добрае, светлае. Наогул лічу: любы вобраз нельга маляваць толькі адной фарбай. Чалавек — істота складаная, шматмерная… А што мне гэта дае? Ну, па-першае, новы вопыт, новае спасціжэнне чалавечых характараў. Па-другое, гэта ж вельмі цікава, выяўляеш у сабе нейкія новыя магчымасці, адкрываеш тое, пра што і не здагадваўся. І калі гэта знаходзіць прызнанне ў гледачоў, у тэатральных крытыкаў, — адчуваеш сапраўднае шчасце. А партнёрства з такімі актрысамі, як Марыя Захарэвіч, Бэла Масумян, з такім рэжысёрам, як Валянціна Еранькова, — гэта ж які вопыт, якое задавальненне! — Наталля Віктараўна, з гадамі, калі ўжо ёсць багаты вопыт, шырокае прызнанне, працаваць лягчэй ці цяжэй? — І лягчэй, і цяжэй. Лягчэй, таму што дапамагае вопыт. Ведаеш, што на прафесійным узроўні ты гэта можаш спець, можаш сыграць — няма праблем. Увесь акцёрскі арсенал табою засвоены, усе 365 штампаў (смяецца)… У маладосці баялася: ой, а ці вазьму гэтую ноту, а ці змагу сыграць гэты эпізод? Цяпер такога страху няма. Ёсць хваляванне, але страху няма. А складана, бо, як я ўжо казала, з гадамі патрабавальнасць да самой сябе, адказнасць за тое, што ты робіш, з чым выходзіш да гледача, намнога павышаюцца. Я не магу апусціцца ніжэй планкі, якую паставіла перад сабой і якую паставіў для мяне глядач. — Што б вы параілі маладым калегам, каб яны ў сваёй артыстычнай кар’еры маглі дабівацца поспехаў? — Толькі праца. Не лічыць, што калі ты на нейкім этапе справіўся з роляй, то наступная будзе ўжо давацца проста і лёгка. Не, да кожнай ролі трэба падыходзіць як у першы раз. І быць у поўным ўзбраенні прафесійных навыкаў. А каб іх мець, патрэбна заўсёды трымаць сябе ў тонусе, увесь час займацца, вучыцца. Нават калі ў цябе няма ролі — усё роўна браць урок і ўвесь час быць у трэнінгу. Жыццё ў мастацтве ў многім складваецца з выпадковасцей. Але артысту да іх трэба заўсёды быць гатовым. Трохі пра вечнае — Наталля Віктараўна, хачу папытацца ў вас вось аб чым. Вы верыце ў лёс, у фатальнае прадвызначэнне чалавека? — І так, і не. Напэўна, нешта ў жыцці ёсць такое, што вызначае шлях, па якім чалавеку наканавана прайсці. Але ж і ад нас многае залежыць, як прайсці па гэтым шляху, які зрабіць выбар. Таму што ёсць магістраль, а ёсць сцежкі-дарожкі, якія могуць вывесці на магістраль, а могуць завесці ў тупік. Зрабіць правільны выбар, напэўна, дапамагае і жыццёвы вопыт, і ўнутранае ўсведамленне сваіх магчымасцей, і інтуіцыя, і, урэшце рэшт, тое, што мы называем лёсам. Словам, чалавечы лёс, можа, і прадвызначаны небам, не ведаю, але аддавацца на яго волю цалкам — неразумна. Трэба сваім жыццём і кіраваць. — А сны прарочыя вам сняцца? — Вось штосьці да гэтага часу ў мяне такіх сноў не было (смяецца)… Ці, можа, былі, але я не звярнула на іх увагі. Гэта ж залежыць яшчэ і ад таго, як ты настроены. Мы ў сваіх паўсядзённых клопатах настолькі занятыя, што часам не заўважаем нічога вакол. Не заўважаем знакаў лёсу. А трэба было б час ад часу прыпыніцца, азірнуцца, асэнсаваць пражытае, падумаць над будучым. На жаль, мы робім гэта вельмі рэдка, а то і зусім не робім. Іншы раз я думаю: мне такія сны не сняцца, таму што я кепскі вернік, у царкву хаджу рэдка, не прычашчаюся. Хаця бывае, раптам узнікне такая патрэба. Я зайду, паслухаю малітвы, царкоўныя спевы — і так душа расчуліцца, ажно слёзы на вачах выступяць. І выходзіш пасля гэтага супакоены, з дабрынёй у душы. У той жа час мне думаецца, што Бог не павінен ад мяне адвярнуцца. У сваім жыцці я ніколі нікому не рабіла зла, не прычыняла непрыемнасцей. Тым больш свядома. — Вы сказалі, што стараліся ніколі і нікому не прычыняць зла. А якім учынкам, дзеяннем у сваім жыцці вы ганарыцеся? — Ведаеце, так з ходу ўспомніць няпроста… Калісьці, яшчэ школьніцай, я выратавала дзяўчынку, якая тапілася. Мы былі ў піянерскім лагеры. Малодшая група пайшла купацца. І я гляджу, адна дзяўчынка падазрона пляскае рукамі і захлынаецца ад вады. І хоць я сама кепска плавала, але, не задумваючыся, кінулася ў раку. Малеча сутаргава ўхапілася за мяне і пацягнула на дно. Тады я што было сілы адштурхнулася нагамі і да берага, да берага. І выплылі… Наогул, у дзяцінстве я была дзяўчынай смелай, цярплівай. Вайны, на шчасце, мне не давялося бачыць, але я ведала, што, калі б мяне фашысты катавалі, я нізавошта нікога не выдала б. Калі мы часам з хлапчукамі гулялі ў вайну і мяне, узяўшы ў "палон", дапытвалі, каб я сказала, дзе хаваюцца "партызаны", заломвалі рукі — балюча, па-сапраўднаму — дык я, сціснуўшы зубы, цярпела і ўпарта адказвала: "Не скажу!" Адзін раз нават вывіхнулі руку, у бальніцы ўпраўлялі. Пасля гэтага хлапчукі сталі адносіцца да мяне з асаблівай павагай. Я да чаго гэта расказваю? Мяне можна падмануць, я магу даверыцца чалавеку, з-за гэтага зрабіць нейкую памылку. Але свядома ўчыніць непрыемнасць — ніколі. І ніхто мяне да гэтага не змусіць. Я заўсёды заступалася за таго, каго несправядліва крыўдзілі. І нават цяпер, калі часам у транспарце нехта хуліганіць, брыдкасловіць, я не магу сцярпець, не магу не сказаць: "Перастаньце! Тут жа дзеці, жанчыны. Як вам не сорамна!.." Я не тое што гэтым ганаруся, але такое ўва мне ёсць. І мне здаецца, гэта станоўчая рыса характару. Чалавек не павінен усяго баяцца і, як страус, хаваць галаву ў пясок, пазбягаць вострых момантаў. — Дарэчы. Нярэдка жыццё ставіць нас перад выбарам. І выбарам, бывае, вельмі няпростым. Скажам, падтрымаеш начальніка ў яго нейкім несімпатычным учынку, несправядлівым намеры — і ты будзеш заахвочаны, абласканы. Не падтрымаеш, зробіш, як патрабуе сумленне, — і ты трапіш у няміласць, будзеш мець непрыемнасці… — Ведаеце, былі, канешне, у маім тэатральным жыцці такія моманты, калі я рабіла памылкі. Але не ў плане выгод-невыгод, а з-за сваёй маладосці, максімалізму. Не разумела некаторых рэчаў. Скажам, ёсць абставіны, калі ты маеш права ўмешвацца ў сітуацыю і выказваць сваю думку, а ёсць выпадкі, калі ты такога права не маеш. Гэта тычыцца, на мой погляд, кіраўніцтва тэатра. Я зразумела, што самае лепшае, калі кожны адказвае за сваё, за тое, што ты робіш. Калі кіраўнік дапусціў нейкі хіб, вось хай ён за яго і адказвае. А табе лезці туды са сваёй крытыкай не трэба. Гэта — не тваё пытанне. Па маладосці я, здаралася, дапускала памылкі. Ды і абставіны часам былі такія, што трэба было гаварыць. Як члену мастацкага савета. Альбо калі прыходзілі вышэйшыя начальнікі і аб нечым пыталіся. А пасля я ўсё ж прыйшла да высновы, што не ўсё і не заўсёды трэба гаварыць прама, адкрыта. Таму што мы можам памыляцца, няправільна разумець праблему. У сувязі з гэтым я нават лічу, што ў тэатры мастацкага савета не павінна быць. Гэта ўскладняе работу галоўнага рэжысёра, галоўнага дырыжора, іншых спецыялістаў. Акрамя таго, тут ёсць і пэўная няёмкасць. Атрымліваецца, калі цябе выбралі ў савет, то ты ўжо маеш права, абавязаны крытыкаваць сваіх калег. Тым самым парушаецца спрадвечнае акцёрскае братэрства. Нам лепш гэтым не займацца. А рабіць заўвагі па спектаклі, наводзіць крытыку ў нас ёсць каму і без акцёраў. — А ці быў у вашым жыцці ўчынак, аб якім вы шкадуеце? — Канешне, быў. І не адзін. Я вельмі шкадую, што ў дзяцінстве часта не слухалася сваёй бабулі, якую вельмі любіла. Ці па неразумнасці крыўдзіла дзядулю. Ён працаваў шаўцом, з раніцы, бывала, параскладвае свае нарыхтоўкі на ложку, а я прыбягу — бабах на ложак! — і ўсё змяшаю ў адну кучу. Але ён ніколі на мяне не сварыўся, зноў усё цярпліва раскладваў у патрэбным яму парадку. Я ўсё гэта цяпер успамінаю — і слёзы на вачах. Думаю: Госпадзі, як жа я кепска сябе паводзіла. Але назад ужо нічога не вернеш… Шкадую таксама, што рэдка пісала бацькам. Наколькі я люблю пагаварыць, настолькі не люблю пісаць. Маё пяро не можа ўгнацца за маімі думкамі, і мяне гэта раздражняе. Прыгадваецца і такі момант. На школьным вечары я вельмі хацела, каб мяне запрасіў на танец адзін хлопец, які мне вельмі падабаўся. І вось я бачу, ён ідзе да мяне. Але тут яго апярэджвае іншы хлопец. І я, не падумаўшы, адмаўляю яму. А з тым, хто падабаўся, пайшла. А пасля мне было так сорамна, непрыемна, што я нават пайшла з вечара. І я пра гэты свой учынак шкадую да гэтага часу. З гадамі, канешне, набываецца пэўны вопыт, і ты ўжо можаш хутчэй асэнсоўваць сітуацыю і больш правільна рэагаваць. — А ў вашым акцёрскім жыцці такія ўчынкі здараліся? — Ну, такія, каб мне было сорамна за іх, то не. — Але ж здараюцца сітуацыі, калі ад вашага выбару залежыць не толькі ваш асабісты дабрабыт, але і дабрабыт сям’і, вашых блізкіх, родных. — Так, так. Ва ўсякім разе, я бывала ў такіх сітуацыях, калі можна было і лепш было прамаўчаць. Тым больш, што ад мяне як бы і не патрабавалася гаварыць, але настолькі ўсё было несправядліва, што я закіпала і гаварыла ўсё, што думала. І гэта, канешне ж, было мне на шкоду. Але супроць свайго сумлення не ішла ніколі. Інакш гэта была б куды большая шкода — для майго ўнутранага стану, для развіцця, прабачце за пафас, майго таленту. — Дарэчы, а ад чаго яшчэ залежыць развіццё, сталенне таленту артыста? — Безумоўна, найперш ад працы. Ад сур’ёзнага стаўлення да таго, што табе даў Бог. Калі я вучылася ў кансерваторыі, была ў нас адна студэнтка. Прырода шчодра адарыла яе — і хараством, і талентам. Я белай зайздрасцю зайздросціла яе голасу — прыгожаму, моцнаму. Упэўнена была, што яна стане зоркай першай велічыні. На жаль, не стала. Дзяўчыну згубіла лянота. Справа ў тым, што талент, як вядома, даецца ад нараджэння, ад Бога, але калі яго не развіваць, не берагчы, ён можа лёгка знікнуць. Каб гэтага не здарылася (я, напэўна, гавару элементарныя рэчы), трэба многа займацца, вучыцца, удасканальвацца — творча, духоўна, прафесійна. Праўда, бываюць сітуацыі, нейкія выключэнні (я не ведаю, ад чаго гэта залежыць), калі ў аднаго, нягледзячы ні на што, талент знікае даволі рана, а ў другога захоўваецца да глыбокай старасці. Загадка. І ўсё ж такія выключэнні толькі пацвярджаюць агульнае правіла, непахісны закон прыроды. Як бы ты ні бярог голас, як бы ні быў прафесійна падрыхтаваны, але гады бяруць сваё. І з узростам вялікі спектакль ужо вытрымаць цяжка. Чаму? Таму што ўсё мае тэндэнцыю старэць. І звязкі слабеюць, становяцца вялымі, і ўжо не можаш трымаць дыханне, дыяфрагма не слухаецца. Але ў чым я абсалютна пераканана — гэта ў тым, што ўвесь час трэба працаваць над сабой, і тады больш гарантыі, што Бог не забярэ назад твае здольнасці. Калі ж акцёр, нават самы таленавіты, супакойваецца на дасягнутым, ён заканчваецца як акцёр. І гэта сапраўдная драма, таму што ўсе твае недахопы, усё тваё акцёрскае нутро, як на рэнтгене, бачны ў святле рампы, прасвечваюцца праз рысы тваіх гераінь. — Вы большы прыхільнік якой музыкі — класічнай, джазавай, народнай? — Я люблю розную музыку. Толькі — як вам сказаць? — усё мае свой час і сваё месца, свой настрой. Калі я, скажам, прыйшла ў парк альбо на канцэрт лёгкай музыкі, то з задавальненнем буду слухаць поп-музыку і падпяваць, і танцаваць — словам, ствараць сабе настрой. А калі хочацца пабыць на адзіноце, у атмасферы лірычнага ці філасофскага роздуму, тады найлепш падыходзіць класіка. У мяне дома ёсць неблагая калекцыя запісаў лепшых спевакоў свету, фартэпіянных, аркестравых канцэртаў. — А што з класікі вы слухаеце найчасцей? — У мяне дастаткова разнастайныя густы. Усё залежыць ад настрою, ад сітуацыі. Іншы раз кладзецца на душу Бетховен, іншы раз — Бах… — Бах? — Так, Бах. Асабліва калі Бах паявіўся ў сучасных апрацоўках, ды яшчэ з вакальнымі спевамі, то гэта проста здорава! Вось вам яшчэ адзін прыклад разумнага, удалага спалучэння традыцый і наватарства. Калі ў творы ёсць мелодыя, яе можна расквечваць сучаснымі аранжыроўкамі, і гэта не сапсуе, а, якраз наадварот, — упрыгожыць твор. А наогул я вельмі люблю рускіх кампазітараў — Рахманінава, Чайкоўскага… Ёсць цудоўныя мелодыі ў беларускіх кампазітараў, у таго ж Семянякі. У прыватнасці, ягоная "Трава дзяцінства" ў сучаснай апрацоўцы. Моладзь слухае яе з задавальненнем. — Як вам падабаецца сучасная эстрада? — Складанае пытанне… Калі гаварыць пра музыку на эстрадзе, то я наўрад ці маю права даваць нейкія ацэнкі, таму што кепска разбіраюся ў сучасных стылях і накірунках. Ды і мала слухаю. Гучыць жа ўсюды толькі поп-музыка. А ўсе эстрадныя спевакі і іх песні, як правіла, падобныя як блізняты. Гучаць толькі прымітыўныя песенькі, калі адзін і той жа матыў паўтараецца тысячу разоў, убіваецца як цвік у галаву. Вельмі важна, каб на эстрадзе была асоба, індывідуальнасць. Такая, скажам, як Іосіф Кабзон, які на сцэне ўжо 50 гадоў і да гэтага часу сучасны. Пры гэтым ён не гоніцца за модаю, не імкнецца прытанцоўваць, здзіўляць нейкімі шоу. Ён застаецца самім сабою, зачароўвае, бярэ ў палон слухачоў сваімі арыгінальнымі інтэрпрэтацыямі песень. Яркая індывідуальнасць, несумненна таленавітая спявачка Ала Пугачова, Алена Камбурава і іншыя. — А з беларускім народным меласам вы знаёмыя? — Я ў прынцыпе люблю народныя песні — і беларускія, і рускія, і ўкраінскія. У маёй мамы была часцінка ўкраінскай крыві, і яна дужа гарна спявала песні сваёй малой радзімы. І я за мамай з дзяцінства спявала гэтыя песні. Помню іх і цяпер (спявае): "Стоіть гора высокая, а під горою гай, гай…" Калі паступала ў кансерваторыю, выконвала акрамя "Балеро" Дэліба рускую народную песню "Я в садочке была…" Мне падабаюцца песні савецкіх кампазітараў, якія створаны на аснове народных матываў. Скажам, тая ж (спявае): "За дальнею околицей, за молодыми вязами мы с милым расставалися, клялись в любви своей…" А "Березонька"? А "Шумел камыш"? Усё гэта — цудоўныя песні! Мне толькі не падабаецца, калі іх спяваюць гучна, крыкліва (паказвае, пераймаючы такое выкананне). Гэта — псеўданароднасць. Песні трэба спяваць душою. Асабліва беларускія, якія вызначаюцца лірычнасцю, напеўнасцю, задушэўнасцю. Хаця мне асабіста мала даводзілася іх спяваць. Але я вельмі люблю і "Чабарок", і "Кацілася чорна галка", і "А ў полі вярба" і многія іншыя. Што мы называем народнай музыкай? Возьмем, напрыклад, дрэва. Ёсць у яго карані, ёсць ствол і ёсць галіны з лісцем. Дык вось калі перанесці гэты вобраз на фальклор, то мне не падабаюцца ў ім гэтыя карані, гэтая неапрацаваная грубавата-прымітыўная аснова. Даводзілася часам бачыць: стануць вясковыя бабулі ў рад з такімі каменнымі, індыферэнтнымі тварамі і ля-ля-ля… Не падумайце, я фальклор не адмаўляю. Але гэта толькі аснова, якая павінна апрацоўвацца, шліфавацца майстрамі. У таго ж Чайкоўскага, колькі ў яго творах народнага меласу! Альбо возьмем Людмілу Зыкіну, каралеву народнай песні. Да яе была Русланава, але тая сваёй манерай спеваў была іншая. Яна была бліжэй да каранёў. Яе знакамітыя "Валенки" Зыкіна спявала б ужо інакш. Яе выкананне ўжо было б з лісточкамі (паказвае, як гэта гучала б — пяшчотна, кранальна, сцішана). — Ведаю, што вы яшчэ любіце джаз. Адзін час спявалі нават з Аляксандрам Дольскім. — Ну, я не магу сказаць, што мы з ім спявалі джаз. Проста, калі мы былі студэнтамі — я юрыдычнага, а ён політэхнічнага інстытута, — мы актыўна ўдзельнічалі ў розных канцэртах, зараблялі на пражыццё. Саша іграў на банджа лёгкія амерыканскія мелодыі, а я яму падпявала. Па-англійску, не ведаючы мовы, але гэта было модна, стыльна. І мы атрымлівалі мора эмоцый. А джаз я сапраўды люблю. Хаця кепска разбіраюся ў стылях, але люблю сімфаджаз. Асабліва ў выкананні аркестра Дзюка Элінгтона. Была на яго канцэрце ў Мінску. Люблю аркестр Глена Мілера, пад яго мінусоўку я нават спявала неаднойчы "Месяцавую серэнаду" на сур’ёзных канцэртах. Я, бадай, абыякавая да року. Розныя хэвел-метл і іншае мяне не кранаюць. Гэта вельмі агрэсіўная музыка. І калі мне кажуць, што там жа класныя тэксты, я адказваю: але ж людзі іх не чуюць. Чуюць толькі гэты страшэнны грукат, аднастайны, д’ябальскі рытм. І, мне здаецца, акрамя агрэсіі такая музыка ў чалавеку нічога не выклікае. — Наталля Віктараўна, як вы думаеце, для чаго існуе музыка — для забавы, задавальнення, адпачынку ці ўсё-такі заклікана развіваць і нейкія эстэтычныя, духоўныя пачаткі ў чалавеку? — Мне наогул здаецца, што напачатку было не слова, а музыка. І ўзнікла яна ад шуму мора, ад посвісту ветру, ад песень птушак… А што значыць музыка ў жыцці чалавека? Вельмі многае. Ёю нават лечаць некаторыя хваробы. Але музыка можа не толькі лячыць, а і калечыць. Таму важна слухаць добрую, гарманічную музыку, прывіваць правільныя музычныя густы з дзяцінства. Канешне ж, музыка — дабро. Канешне ж, яна аказвае свой уплыў на душу, на духоўны свет чалавека. Уявіце сабе на хвіліну, што наша жыццё засталося без музыкі. Гэта — страшна. — Крытыкі неаднаразова адзначалі такую вашу якасць, як уменне кахаць на сцэне. Упэўнены, што вы ўмееце кахаць і ў жыцці. — О, на што вы мяне правакуеце!.. (Смяецца.) — Дык што ж гэта за такая дзіўная, казачная птушка — каханне? Ці бывае каханне з першага погляду? Гэта пачуццё часовае ці вечнае? Давайце паразважаем на гэту тэму. — Тэма, канешне, няпростая. Магу адразу прызнацца: доўгі час я лічыла, што мяне Бог гэтым пачуццём наогул абдзяліў. Бо лічыла, зноў-такі па сваім юначым максімалізме, што калі пакахаў, то ўжо да канца свайго жыцця. А тут мне сёння хлопец падабаецца, а заўтра я ў ім расчароўваюся. І мяне гэта страшыла. Я нават не хацела выходзіць замуж, думаючы, што кахаць не ўмею. Але, напэўна, у жыцці кожнай жанчыны наступае такі момант, калі хочацца, каб побач нехта быў, каб цябе цанілі, кахалі. Такі момант наступіў і ў мяне. Мой будучы муж мне, безумоўна, падабаўся. Ён быў заўсёды такі элегантны, у гальштуку-бабачцы. Прыгожа заляцаўся. Меў прыемны, багаты голас. А як ён класна калоў дровы! Я калі ўбачыла гэта аднойчы, сэрца маё канчаткова скарылася. І я рашыла выйсці замуж, хаця, па праўдзе кажучы, да канца не была ўпэўнена, кахаю яго ці не. Сапраўднае пачуццё прыйшло пазней. Так што мне ў гэтым плане пашанцавала. Амаль паўвека мы з мужам пражылі душа ў душу. Звычайна каханнем мы называем тое, што ў нашым жыцці як бы не збылося, не рэалізавалася. Скажам, некім мы моцна захапляліся, пачуцці ў душы бурлілі, але з-за нейкіх абставін давялося расстацца. І вось цяпер успамінаеш і думаеш: а я ж яго кахала. А ці сапраўды кахала? Невядома нават, што атрымалася б з кахання Рамэа і Джульеты, калі б яны пажаніліся. Гэта аднаму Богу вядома. Я лічу, што каханне з першага погляду не прыходзіць. З першага погляду — гэта страсць. Хаця бывае па-рознаму. Можна многія гады разам працаваць, працаваць, а пасля раптам — ах! — і ўбачыш чалавека ў новым святле. Узнікае страсць, якая мінае, і мінае даволі хутка. Але калі гэта твой чалавек, якога ты па-ранейшаму хочаш бачыць побач, які цябе разумее, праяўляе чуласць і клопат, то з гэтай страсці вырастае новае пачуццё — ужо больш спакойнае, глыбокае. І вось гэтае ўзаемаразуменне, гэтае жаданне падабацца адно аднаму, нягледзячы на розныя дробязі, — усё гэта, відаць, і можна назваць каханнем. У любой сям’і, як вы ведаеце, рознае бывае: і сваркі, і прыкрыя непаразуменні, і нават канфлікты, якія даходзяць ледзь не да разводу, але ўсё роўна сям’я павінна заставацца на першым плане. Гэта — галоўная каштоўнасць, нешта святое, што трэба берагчы як зрэнку вока. Такія экзэмпляры, як адналюбы, сустракаюцца вельмі рэдка. Таму калі нехта гаворыць: "Ой, мне муж ніколі не здраджваў", — я толькі ўсміхаюся. Бо справа не ў тым — здраджваў ці не здраджваў, а як гэта адбылося: свядома, хітравата-подленька ці выпадкова, у хвіліну слабасці. Захапляцца можна — гэта жыццё, і нельга яго пражыць без захаплення. Так, я магу пафліртаваць, і мужчына можа загледзецца, захапіцца прыгожай жанчынай, але трэба ведаць мяжу, якую пераступаць небяспечна. Трэба ўвесь час памятаць, што сям’я — гэта святое. І хай сабе твой каханы не ідэальны (такіх не бывае па вызначэнні), але ён побач, ён твой, і ты з ім прайшла ўжо агонь, ваду і медныя трубы. — Як вы лічыце, чалавек, які не кахаў у жыцці, можа сыграць каханне на сцэне? — Ведаеце, з аднаго боку, артыст не абавязкова павінен зведаць усё, што ён іграе на сцэне. Ёсць жа акцёрскае ўяўленне, акцёрская назіральнасць. З другога боку, ён жа па жыцці хоць аднойчы ды перажываў пачуццё сімпатыі, закаханасці. А я думаю, што такое перажывае кожны чалавек. Іншая справа, наколькі гэты акцёр таленавіты, каб сыграць каханне ярка, моцна, каб глядач паверыў яму. А бывае наадварот. Узяць майго мужа. У жыцці, што тычылася кахання, ён быў чулы, шчодры, ён умеў кахаць. А на сцэне яму гэта ўдавалася менш за ўсё. Яму лепш удаваліся ролі, дзе трэба было змагацца, праяўляць мужнасць, гераізм. А выяўляць свае інтымныя пачуцці публічна, са сцэны, саромеўся ці што. Гэта, відаць, уласцівасць характару. — Ну калі мы ўжо загаварылі пра гэта, то хачу запытацца вось пра што. Якую рысу характару вы лічыце ў жанчыне галоўнай? — У жанчыне? Ой, не ведаю… Вось гэта пытанне дык пытанне (задумваецца). Звычайна называюць дабрыню. Але калі муж п’яніца, б’е жонку, дзяцей, прапівае апошнюю капейку, а жонка з ім сю-сю-сю… То якая гэта дабрыня? Тады што? Можа быць, чуласць? Самаахвярнасць? Ну, не ведаю… Госпадзі, колькі ўсяго жанчыне трэба! Ну вось скажыце, чым мы вас, мужчын, прыцягваем? — Жаноцкасцю. — Але ж жаноцкасць складаецца з многіх якасцей. Гэта — і абаяльнасць, і ўменне весці размову, і проста ўменне сябе паводзіць. Трохі какецтва, трохі дасціпнасці, гумару… І калі ўсё гэта разам сабраць, то можна сказаць: жанчына павінна быць жанчынай. Вось і ўсё. — А ў мужчыне прасцей вызначыць галоўную рысу? — Канешне. Мужчына — гэта перш за ўсё розум. Гэта — надзейнасць, чэснасць, сумленнасць. І яшчэ — шчодрасць. Маю на ўвазе шчодрасць не толькі матэрыяльную, а найперш духоўную, душэўную. Шчодрасць ва ўчынках, у пачуццях. — Да якіх чалавечых слабасцей вы ставіцеся паблажліва? — Многае можна дараваць. Таму што чалавек па сваёй прыродзе слабы. Усе мы складаемся з нейкіх дробных слабасцей. Часам робім неабдуманыя ўчынкі, дапускаем глупства. Але калі чалавек гэта разумее і раскайваецца, то ўсё можна дараваць. Нават, як я ўжо гаварыла, часовае захапленне — выпадковае, неспадзяванае. — А чаго дараваць нельга? Ні ў якім разе… — Нельга дараваць хлусні. Свядомай, подлай. Нельга дараваць здрады. Захварэла, скажам, жонка альбо дзіця нарадзілася калекаю, а муж пакідае сям’ю. Жонка ніколі б так не паступіла, хіба што выключныя экзэмпляры. Таму што жанчыне ўсё-такі ўласціва самаахвярнасць. Не, здрады дараваць нельга. Гэта адназначна. — Наталля Віктараўна, калі вы сябе адчувалі больш камфортна — у савецкія часы ці цяпер? — Не буду Бога гнявіць: у мяне ўсё добра складвалася і раней, і, на шчасце, складваецца так да гэтага часу. У савецкія часы ўсё, аб чым я марыла, чаго хацела, — усё гэта збылося. І наогул тады многа чаго было добрага. Асабліва, што тычылася выхавання маладога пакалення. Пачынаючы з дзіцячага садка і канчаючы інстытутам. Нас вучылі чытаць добрыя кніжкі, паважаць старэйшых. Былі розныя гурткі, секцыі, у якіх мы развівалі сябе духоўна, фізічна. Прычым абсалютна бясплатна. Гэта было, як мне здаецца, самае вялікае дасягненне савецкай улады. Але і цяпер у нашым жыцці ёсць многа станоўчых момантаў. Так, нехта не вытрымаў працэсу выжывання, згубіў сябе. Аднак абсалютная большасць людзей хутка прыстасавалася да новых умоў і адчувае сябе дастаткова камфортна. Мы цяпер маем большую свабоду ў думках, у жаданнях, ва ўчынках. Хаця многія гэту свабоду разумеюць своеасабліва — як усёдазволенасць, паступаюць, як ім хочацца, і не зважаюць на іншых, на тых, хто побач. Да плюсаў я аднесла б і куды меншую ідэалагізаванасць нашага жыцця. Паявілася больш магчымасцей зарабляць. Калі раней ты працаваў у тэатры, то левыя заработкі не віталіся і не заахвочваліся. Цяпер, калі ласка — працуй хоць у дзесяці месцах, толькі б гэта не замінала на асноўным месцы работы. Ну і, канешне, немалаважна тое, што цяпер не трэба нічога даставаць — усё можна купіць у магазіне без усялякіх знаёмстваў і блатаў. Так што, грэх скардзіцца, я і цяпер жыву нармальна, адчуваю сябе камфортна. Тэатр дае мне тое, чаго часам не хапае ў рэальнасці, — і радасць, і маральнае задавальненне, і адчуванне паўнаты жыцця. — Кажуць, не ў грошах шчасце… — Але шчасце, калі яны ёсць (смяецца). Грошы даюць магчымасць пра іх не думаць, спакойна займацца сваёй справай. Для мяне заўсёды на першым месцы была любімая праца і на другім — сям’я. Кажу пра гэта трохі няёмячыся, бо баюся, што жанчыны мяне не зразумеюць. Але калі быць чэснай, то гэта сапраўды так. Паспець зрабіць галоўнае — У сваіх ролях вы заўсёды вясёлая, дасціпная, гарэзлівая, няўрымслівая. А якая вы ў жыцці? Аптымістка ці песімістка? — Не, і на сцэне я не заўсёды вясёлая. Усё залежыць ад ролі. А ў жыцці? Я — чалавек адкрыты, кантактны, камунікабельны. Я — чалавек усмешлівы. Іншы раз нават думаю: ці не залішне ўсміхаюся? Хаця настрой у мяне вельмі хутка мяняецца. Як ні дзіўна, часта бывае сумна, журботна, нават не ведаю, ад чаго. Але я не люблю дэманстраваць гэта публічна. Таму, калі паяўляюся на людзях, стараюся быць вясёлай. Словам, я такі аптымістычны песіміст. — А як вы змагаецеся з кепскім настроем? — Я стараюся змагацца з ім на адзіноце. Калі мне сумна — я сумую. Люблю купіць што-небудзь смачнае і паласавацца. Альбо пачытаць добрую кнігу. Я павінна вам чэсна сказаць: люблю адзіноту. Хацела гэтага з юнацтва, бо жыла ўвесь час у інтэрнатах, а калі адзін час здымала кватэру, то нас у пакоі было чатыры чалавекі. І мне часам так хацелася пабыць адной. Студэнткаю я нават у кіно ці ў тэатр хадзіла адна. Напэўна, з таго часу я і палюбіла адзіноту. І разам з тым я доўга не магу заставацца адна. Мне хочацца тады на людзі. Вось такая супярэчлівасць. — Хто вашы сяброўкі? Іх многа ў вас? — Многа сябровак не бывае. Нават у маладосці. Канешне, у мяне былі сяброўкі і ў школе, і ў кансерваторыі, і ў маім прафесійным жыцці. Але ўсё гэта сяброўкі мінулых гадоў. А з узростам новых не прыбавілася. Я прыяцельствую з многімі сваімі калегамі. Шмат добрых людзей і па-за тэатрам, з якімі я падтрымліваю сувязі. — А ў чым, на ваш погляд, розніца паміж сяброўкай і прыяцелькай? — Да сяброўкі, калі што якое, я магу звярнуцца ў любы час з любой нагоды і буду ведаць, што яна заўсёды шчыра, з гатоўнасцю адгукнецца. А да прыяцелькі — неяк няёмка. І не кожнаму можна безаглядна адкрыцца, даверыць самае інтымнае, самае запаветнае. А сяброўцы — можна. І быць упэўненай, што яна ўсё правільна зразумее. А калі і не зразумее, то ніколі не адвернецца. І наогул гэта цяжка растлумачыць… Сяброўку хочацца бачыць заўсёды! — Якія рысы свайго характару вы цэніце найбольш? — Я магу быць харошым другам. А яшчэ я — чалавек адказны. Не люблю спазненняў, неабавязковасці. Не паважаю людзей, якія не цэняць чужы, а значыць і свой час… Зрэшты, мне цяжка адказаць на ваша пытанне… Пакуль я добры чалавек (гарэзліва смяецца). Хаця, па вялікаму рахунку, мы сябе да канца не ведаем. І цяжка сказаць, як бы я павяла сябе ў той ці іншай экстрэмальнай сітуацыі. Але добра ведаю, што на подзвіг — імпульсіўны, імгненны, калі ўсё вырашаюць долі секунды, — я на гэта здольная. А вось так, як адзін мой знаёмы, які дзесяць гадоў даглядаў прыкаваную да ложка маму, не ведаю, ці змагла б. Гэты подзвіг намнога цяжэйшы. Такое не кожны можа вытрымаць… — А вы ж таксама колькі гадоў даглядалі мужа, а цяпер вось даглядаеце мужаву маму… — Ну, гэта трохі іншае. Тут мне дапамагалі і ўрачы, і сямейнікі. Дый сам Юрачка да апошняга мне памагаў. А што да свякрухі, то яна ўсё ж такі хоць і па сценачцы, але ходзіць па кватэры. А не дай бог, зляжа зусім, не ведаю, што і буду рабіць. Але работу не магу кінуць ні пры якіх абставінах. Як-небудзь прыстасуюся. — А што вам не падабаецца ў сабе? Ад чаго вы, магчыма, хацелі б пазбавіцца, падкарэкціраваць? — Ой, многае не падабаецца (звонка смяецца)… Пачынаючы са знешнасці. Памятаю, з дзяцінства хацелася мець іншы нос, бо ўсе называлі курносая, курносая. А калі сур’ёзна, то я залішне эмацыянальная, нястрыманая, узрыўная. Праўда, хутка адыходжу і, калі ў чым вінаватая, папрашу прабачэння. Але такое ёсць, і я лічу гэта вялікім недахопам. Трэба ўмець валодаць сабою. Гэта, відаць, добра ведалі мае бацькі, таму што, калі я надумалася ехаць у Маскву, яны мяне доўга адгаворвалі. Урэшце рэшт тата махнуў рукою: "Ладна, хай едзе. У яе галава на плячах ёсць…" — "Ага, — парыравала мама, — галава ёсць, але ў адзін цудоўны момант яна яе можа згубіць!" Так, вытрымкі мне часам не хапае, гэта праўда. Я не люблю кухню. Прычым на фізіялагічным узроўні. Гэта ідзе па мацярынскай лініі. Мая мама злавалася, калі нешта трэба было прыгатаваць. А мая бабуля Насця, яна, канешне, і піражкі смачныя пякла, і многія стравы ёй удаваліся, але не раз мне шэптам, па сакрэту прызнавалася: "Я ж не люблю кухню…" Вось і я такая. На жаль. Таму і лічыла, што ў жонкі не гаджуся. І свайму будучаму мужу адкрыта сказала: я добры сябар, а жонка кепская. Ён нават спачатку крыху разгубіўся, пасля супакоіў — і мяне, і сябе: "Тады буду гатаваць я". А яшчэ — мяне нярэдка адольвае лянота. — Вас? Лянота? Цяжка паверыць… — Праўда, праўда. Падленьваюся. Часам я думаю: колькі ўсяго я магла б зрабіць, каб не гэты мой недахоп. Скажам, вывучыць замежную мову і спяваць таго ж Моцарта па-нямецку. А гэта ўжо зусім іншая справа. Інакш будуецца і музычная фраза, і акцэнт робіцца іншы. А калі завучваеш тэкст механічна і паўтараеш яго як папугай, то ты ідзеш ужо толькі ад музыкі. Гэта па-першае. А па-другое, калі цяпер усе вакол гавораць на адной, дзвюх замежных мовах, то прызнавацца, што ты не ведаеш нічога, ужо няёмка. Я не валодаю фартэпіяна. Таму што не вучылася музыцы ні ў школе, ні ў кансерваторыі. Апраўдваю сябе тым, што не было часу. Але калі б моцна захацела, то ноччу вучылася б граць. А, валодаючы фартэпіяна, я села б і сама сабе іграла і спявала. Наколькі больш я вывучыла б твораў. Так што лянівая я — нічога не скажаш. — Ну, гэта вы ўжо ацэньваеце сябе па вельмі вялікім рахунку. Па Гамбургскім рахунку. — А як жа, па ідэі, і трэба жыць па Гамбургскім рахунку. Што тычыцца тэатра, то я так і паступаю. Не магу сябе папракнуць і ў вядзенні хатніх спраў. Я люблю парадак, люблю чысціню. У мяне няма такога, каб я сказала сама сабе: ай, не хачу, прыбяру заўтра. У кватэры заўсёды чыста і ўтульна. Але гэта я ўжо пачынаю хваліць сябе. Канешне ж, недахопаў хапае. Таму я ўсё жыццё займаюся самавыхаваннем. І тое-сёе мне ўдаецца. Я раблюся ўсё лепшай і лепшай (весела смяецца). Часам, я чую, кажуць: хачу быць самім сабой. Але ж самім сабой можна быць дома, на сваёй кухні. А калі ты знаходзішся ў калектыве, у грамадстве, то павінен імкнуцца быць лепшым, чым на самай справе. Таму свае недахопы я стараюся не паказваць, імкнуся праяўляць свае лепшыя якасці. — Наталля Віктараўна, вы неяк сказалі, што спеваку трэба мець добрае здароўе. Вы пра сваё здароўе як клапоціцеся? — Спецыяльна гэтым не займаюся. Я на сваім здароўі ніколі не зацыклівалася. Усё сваё свядомае жыццё жыла па сістэме Амосава. Забалела нешта — хай пабаліць дзень, другі, нават тыдзень, не звяртаю ўвагі. Вось калі ўжо боль не суцішаецца і праз два тыдні, тады іду да ўрача. Не хапаюся пры першых нейкіх сімптомах за таблеткі. І гэта, на мой погляд, правільна. Вось у мяне летась балела плячо. Я ўпала прама на сцэне, і ўпала няўдачна. Рэнтгенаўскі здымак, праўда, паказаў, што ні пералому, ні трэшчыны няма. Зрабілі ўкол, а плячо ўсё баліць і баліць. Але я не стала мітусіцца, цярпела. Мінуў год — і ўсё цяпер нармальна. Прайшло само па сабе… Ці вось нядаўна забалеў тазасцегнавы сустаў. Я яго стала ласкава ўгаворваць: "Ну, што ж ты, мой харошы? Яшчэ ранавата табе расклейвацца, ранавата. Пачакай крыху… Я ж тваражок ем кожны дзень? Ем. Значыць, усё павінна быць у парадку". І праўда, мінуў тыдзень, другі — і боль прайшоў. Гэта — мой прынцып. Баліць — пройдзе. Арганізм сам здольны спраўляцца са сваімі збоямі. Яму толькі часам трэба крыху памагчы. Канешне, запускаць хваробу няварта. Калі, не дай бог, нешта сур’ёзнае, то без урачоў, без медыцынскай дапамогі не абысціся. Што тычыцца нейкіх штодзённых працэдур — ранішняй зарадкі, аблівання халоднай вадой, заняткаў фітнесам, — то я гэтага ніколі не рабіла і не раблю. У мяне на гэта не хапае часу. Я з задавальненнем хадзіла б у басейн, але туды набіваецца столькі людзей, што плаваць у такіх умовах проста непрыемна. Раней я адводзіла душу ў санаторыях — плавала ў моры колькі хацела. Прыязджала заўсёды загарэлая, фізічна акрэплая. На жаль, такой магчымасці ў мяне цяпер няма. А яшчэ ў мяне ёсць адзін недахоп, пра які я вам не сказала: люблю смачна паесці. Усё жыццё не магу без мяса, дамашніх піражкоў, булачак. Усё гэта ела без усякіх абмежаванняў і не папраўлялася. На рабоце ўсё згарала. Цяпер ужо так не згарае, бо і работа не той інтэнсіўнасці, і ўзрост дае пра сябе знаць. А паесці па-ранейшаму люблю. Калі я позна вечарам прыйду дадому і не паем, то не магу заснуць. І гэта, напэўна, для здароўя не вельмі добра. Аднак ніякіх дыет не прытрымліваюся. — Як я зразумеў, адпачываць па-сапраўднаму вам удаецца толькі падчас водпуску. — Цяпер і падчас водпуску не ўдаецца. Я нават не магу выехаць за горад, пакінуць свякруху адну. Увесь мой адпачынак — тэлевізар. — Акрамя тэлевізара, пачытаць знаходзіце час? — Чытаю ў асноўным газеты. Выпісваю "Аргументы і факты", "Камсамолку". Люблю мемуарную літаратуру, дэтэктывы. Зараз, напрыклад, чытаю Арцёма Варгаўціка. Гэта — журналіст, піша цікавыя, як ён сам вызначае свой жанр, музычныя дэтэктывы. Гэта добрая гімнастыка для мазгоў. Часам гляджу такога плана серыялы, як, скажам, "Глухар". — Кажуць, жанчыне столькі гадоў, на колькі яна сябе адчувае. Бывае, і ў сорак — ужо бабуля, а бывае і ў восемдзесят — сапраўдная каралева. У вас таксама ёсць нейкі сакрэт маладосці душы. Можа, падзеліцеся? — Канешне, для жанчыны гэта праблема — прымірыць маладую душу з целам, якое старэе. Тут патрэбны розум, густ, пачуццё меры. Спрабую знайсці кампраміс, не ведаю толькі, наколькі гэта ў мяне на сённяшні дзень атрымліваецца. Сакрэт жа маладосці душы вельмі просты. Гэта — цікавасць да жыцця, да работы, да людзей, да ўсяго, што цябе акружае. Стараюся жыць у гармоніі з сабою, не прычыняць нікому зла, а, наадварот, рабіць дабро. Быць з усімі прыветлівай, добразычлівай. Але ж нельга ўвесь час жыць на адной мажорнай ноце. Часам наступае і мінор. Я, напрыклад, не люблю вясну. Яна мяне чамусьці прыгнятае, вось легла б, здаецца, і ляжала нерухома. Мне з гэтым даводзіцца змагацца. А восень, наадварот, прыносіць у маю душу супакаенне. Мне падабаецца, калі ідзе дождж — ціхі такі, без ветру. Пад яго шапаткі, аднастайны пошум лёгка думаецца, светла марыцца… Чалавек пастаянна жыве ў чаканні. Чагосьці новага, незвычайнага. Што будзе заўтра, паслязаўтра? І не дай бог, як толькі не стане гэтага чакання, гэтага жадання, гэтай цікавасці да жыцця — лічы, што ты ўжо непапраўна састарэў. Прымітыўнае існаванне — паеў, паспаў, паглядзеў тэлевізар — не для мяне. Я такога жыцця не хачу. — Наталля Віктараўна, адзін час вы займаліся педагагічнай дзейнасцю… — Так, мой педагагічны стаж 20 гадоў. — І працягваеце займацца? — Не, я ўжо ў акадэміі мастацтваў не выкладаю, але кансультую маладых тут, у тэатры. — Грамадскіх абавязкаў шмат? — Цяпер ужо меней. Раней я была і дэпутатам, і членам шматлікіх камісій, і яшчэ бог ведае кім… Цяпер застаюся толькі членам мастацкага савета, членам рады Саюза тэатральных дзеячаў, ну і час ад часу ўдзельнічаю ў журы міжнародных музычных конкурсаў. — І такое пытанне. Яно, прабачце, можа, не зусім карэктнае. Праўда, мы яго ўжо крыху закраналі. Да якога ўзросту можна выходзіць на сцэну? — А гэта індывідуальна. Вось, калі ласка, вядомаму расійскаму артысту Зэльдзіну 97, а ён яшчэ і спявае, і танцуе. Народны артыст СССР Аненкаў выступаў да ста гадоў і юбілей свой адзначыў на сцэне. — Толькі, відаць, узрост ужо дыктуе змену амплуа? — Ну, канешне, героя-любоўніка ў сто гадоў іграць не будзеш. А вось любую іншую ўзроставую ролю можна выконваць. Усё залежыць ад тваіх псіхафізічных даных. У оперы, вядома, гэта цяжэй, а ў аперэце — чаму ж не? Я і цяпер яшчэ магу спець "Сільву" — захавала і здароўе, і голас. Але Сільва ўжо не мая. А вось маці Эдвіна — гэта па мне. Цудоўная роля, ёсць што іграць і спяваць, і нават танцаваць. Бабулі цяпер усе мае!.. (Гарэзліва смяецца.) Не хачу толькі быць бабуляй па жыцці. Артысту, як і спартсмену, важна сысці са сцэны своечасова. Я рада, што ў свой час змагла адмовіцца ад роляў гераінь. Хаця мяне ў тэатры і адгаворвалі рабіць гэта. А Барыс Утораў нават далікатна папракнуў: "Гэта капрызы прымадонны". Я тады сказала яму, што справа зусім не ў капрызах. Па-першае, мне ўжо нецікава іграць першае каханне. А па-другое, узрост ёсць узрост. Не хачу, каб нехта сказаў: "Ой, не трэба ёй ужо іграць гераінь". Для гэтага ёсць маладзейшыя актрысы… Словам, паслухалася я сваёй інтуіцыі, свайго чуцця — і не шкадую. Мой пераход на новае амплуа — жанчына без узросту — адбыўся лёгка, арганічна, своечасова. Я ж усё роўна занятая ў галоўных ролях, але яны цалкам адпавядаюць майму ўзросту. Дарэчы, я з задавальненнем удзельнічаю ў дзіцячых спектаклях. Іграю, напрыклад, ролю чарапахі Тарцілы. Вы ведаеце, як выдатна рэагуюць дзеці на кожны нюанс маёй партыі. Бачыць іх радасныя твары, іх зіхоткія вачаняты — гэта ж сапраўднае шчасце. — Наталля Віктараўна, вы — шчаслівы чалавек? — Безумоўна. Я адбылася як актрыса. Займаюся любімай справай. У мяне добрая сям’я. Пашанцавала на мужа, які аказаўся не толькі таленавітым спеваком (Юрый Бастрыкаў доўгі час працаваў вядучым салістам нашага опернага тэатра, меў званне народнага артыста Беларусі), але і выдатным сем’янінам. На жаль, без пары пайшоў з жыцця. Дзесяць гадоў мужна змагаўся з цяжкою хваробай, і ўсё ж яна яго перамагла. Дачка Насця скончыла педагагічны інстытут, нейкі час працавала ў школе, у гімназіі, а пасля таго як атрымала другую спецыяльнасць — культуролаг, — выкладае ў Інстытуце кіравання і прадпрымальніцтва. З музыкай звязваць свой лёс не захацела, хаця яна надзвычай музычна адораны чалавек. І наогул у яе залатыя рукі. Выдатна гатуе, вяжа, шые… У мяне ўжо дарослая ўнучка, Арышка. Яна скончыла школу алімпійскага рэзерву, займалася таэквандо, мае чорны пояс, майстар спорту, сярэбраны прызёр чэмпіяната свету. Але працягваць займацца спортам не стала. Паступіла ў Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, на факультэт менеджменту. Выйшла замуж. Данілка, мой меншанькі ўнучак, яму пайшоў толькі шосты гадок, пакуль што з намі. Рыхтуецца да школы. Харошы хлопчык, жывы, рухавы. — І апошняе пытанне. У чым, на ваш погляд, сэнс жыцця? — Бог падарыў чалавеку найвялікшую каштоўнасць — жыццё. Наша ж задача і галоўны сэнс нашага існавання, як мне здаецца, у тым, каб адведзены нам час выкарыстаць з максімальнай карысцю. Паспець зрабіць галоўнае. Вобразна кажучы, пасадзіць дрэва, пабудаваць дом і выхаваць сына. Артыстам у гэтым сэнсе пашанцавала — мы пражываем на сцэне шмат розных жыццяў. Гэта, праўда, часам бывае складана, патрабуе шмат нерваў, сілы. Але без гэтага жыццё праходзіла б марна і сумна. Гутарку вёў Зіновій ПРЫГОДЗІЧ. На здымках: |
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by